Мэрыя Парыжу запатрабавала безумоўнага вызвалення Алеся Бяляцкага
Мэр Парыжу Бертран Дэланоэ 25 лістапад распаўсюдзіў камюніке з заклікам
беларускіх уладаў да неадкладнага і безумоўнага вызвалення Алеся Бяляцкага і
ўсіх палітычных вязняў. Намеснік мэра па міжнародных справах П'ер Шапіра прыняў
удзел у дэманстрацыі ля будынка беларускай амбасады.
“З абурэннем і крайняй занепакоенасцю даведаўся
я сёння пра прысуд да 4 гадоў і 6 месяцаў зняволення Алеся Бяляцкага, віцэ-прэзідэнта
FIDH і прэзідэнта праваабарончага цэнтра "Вясна" у Беларусі.
Алесь Бяляцкі бяспынна змагаўся за правы чалавека, нягледзячы на навіслыя над
ім пагрозы. Арыштаваны ў жніўні гэтага года праваабаронца, які абвінавачваецца ва
"ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйных памерах" - чарговая ахвяра
дзяржаўнай дэзінфармацыі, нароўні з іншымі вязнямі сумлення ў Беларусі. П'ер Шапіра,
мой намеснік па міжнародных справах, еўрапейскай і франкафонскай палітыцы, далучыўся
сёння да дэманстрацыі перад Амбасадай Беларусі, каб выказаць сваё абурэнне побач
з Суэр Белхасен, Прэзідэнтам Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека.
Ад імя горада Парыжа, глыбока адданага справе правоў чалавека і асноўных свабодаў,
я заклікаю беларускія ўлады да неадкладнага і безумоўнага вызвалення Алеся Бяляцкага
і ўсіх палітычных вязняў”, - гаворыцца ў камюніке мэра
Бертрана Дэланоэ.