У Салігорску міліцыя шукае распаўсюднікаў інфармацыі аб палітвязнях
У Салігорску
працягваюцца акцыі ў падтрымку беларускіх палітычных зняволеных. На
мінулым тыдні ў сталіцы шахтароў патрабавалі свабоду для Алеся Бяляцкага, гэтым разам
адбыліся акцыі ў падтрымку Андрэя Саннікава і Змітра Бандарэнкі.
Па інфармацыі сайта europeanbelarus.org
актывісты грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” і Аб’яднанай
грамадзянскай партыі разляпілі у цэнтры гораду партрэты палітвязняў, каб
нагадаць салігорцам аб палітычных зняволеннях у нашай краіне. Таксама мясцовы
сябра АГП Алег Бахта парвёў пікет каля будынку Салігорскага суда з партрэтам
Андрэя Саннікава.
Як стала вядома мясцовым прадстаўнікам БХК, пасля публікацыі ў сеціве
інфармацыі аб правядзенні пікета пад вокнамі суда Алега Бахту пачала расшукваць
мясцовая міліцыя. На дадзены момант сувязь з самім актывістам адсутнічае, але,
па словах яго паплечнікаў, ён не быў затрыманы. Праваабаронцы будуць сачыць за
далейшым развіццём падзей.