28 лістапада ў Віцебскім абласным судзе зноў будуць вырашаць лёс пікетаў
Актывісты Хрыстафор Жаляпаў, Аляксей Гаўруцікаў і Ян Дзяржаўцаў падалі касацыйную скаргу на пастанову суду Чыгуначнага раёну, вынесеную 14 кастрычніка. Раённы суд пацвердзіў, што ў магчымасці правесці пікет актывістам адмовілі на законных падставах.
Пераканаць суддзю Алену Грабянчук актывістам не ўдалося, хаця яны старанна даводзілі, што выканаць рашэнне № 881 Віцебскага гарвыканкаму, якое рэгламентуе парадак падачы заявак на пікеты, проста немагчыма. Цяпер кіраўнік абласной арганізацыі Руху “За свабоду” Хрыстафор Жаляпаў, сябра КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў і давераная асоба Мікалая Статкевіча на мінулых прэзідэнцкіх выбарах, юрыст Аляксей Гаўруцікаў паспрабуюць давесці сваё права на правядзенне масавых акцый у абласным судзе.
Як паведамлялася раней, сутнасць рашэння Віцебскага гарвыканкаму ў тым, што актывістам спачатку трэба заключыць дамовы на абслугоўванне пікету са службай ЖКГ, медыкамі і міліцыяй, а потым прыкласці іх да заяўкі ў раённую адміністрацыю. Практыка паказвае, што дамовы заключыць не ўдаецца: або ў пэўных службаў з’яўляюцца нейкія ўнутраныя перашкоды, або з актывістамі проста не хочуць дамаўляцца, бо невядомая пазіцыя раённай адміністрацыі – дазволяць там акцыю ці не.
“Варта нагадаць, што справа спадароў Жаляпава, Гаўруцікава і Дзяржаўцава - не першая з шэрагу падобных у абласным судзе, -- паведамляе мясцовы праваабарончы сайт “За правы чалавека”. Так, 10 лістапада Віцебскі абласны суд разбіраў яшчэ адну аналягічную справу. Тады суддзі слухалі аргументы праваабаронцы Леаніда Свеціка, які патрабаваў скасаваць рашэнне № 881 гарвыканкаму, але вырашылі пакінуць усё як ёсць”.