На Кастрычніцкай плошчы затрымалі ўдзельнікаў малітвы за палітвязьняў
На Кастрычніцкай плошчы Менску затрымалі пяць
грамадзкіх актывістаў, якія спрабавалі правесьці малітву за палітвязьняў.
Сярод іншых — Ганну Шапуцьку, Ніну Багінскую, Тацяну Кім, Аляксандра
Макаева.
Як паведаміла адна з удзельніц малітоўнай акцыі Тацяна Зянько, людзі
падышлі да адзнакі нулявога кілямэтра на Кастрычніцкай плошчы, але
не пасьпелі распачаць малітву. Да іх адразу падскочылі невядомыя
ў чорным на чале з палкоўнікам менскай міліцыі Ігарам Яўсеевым
і пачалі заштурхоўваць людзей у аўтобус, які пад’ехаў. Яны
адмаўляліся прадставіцца і назваць прычыну затрыманьня. Затрыманыя
знаходзяцца ў Цэнтральным РУУС.
Грамадзкія актывісты і вернікі праводзяць штодзённыя малітвы
на Кастрычніцкай плошчы на знак салідарнасьці з палітвязьнямі.
Затым удзельнікі акцыі праходзяць сымбалічны шлях ад Кастрычніцкай плошчы
да плошчы Незалежнасьці і завяршаюць малітву каля Чырвонага касьцёлу.
Апошнімі днямі за хадою малітоўнай акцыі пільна назіралі супрацоўнікі
спэцслужбаў. Напярэдадні да малітоўнікаў падыходзіў кіраўнік РУУС
Цэнтральнага раёну Менску Радзевіч і загадаў, каб «гэты цырк» быў апошні
раз. Каб «на цырк хадзілі ў цырк, а на малітву
ў касьцёл». У сваю чаргу ўдзельнікі вулічнай малітвы заяўляюць, што
намерваюцца праводзіць малітву і надалей.