Барыса Хамайду затрымалі, каб папярэдзіць пра адміністрацыйную адказнасць
Віцебскі апазіцыянер меркаваў, што міліцыянты маюць прэтэнзіі да таго, што ён распаўсюджвае незалежную прэсу ў цэнтры горада. Але аказалася, што яго хочуць папярэдзіць, каб не ўдзельнічаў у заўтрашнім Народным сходзе.
Спадара Хамайду затрымалі на звычайным месцы, дзе ён штодня распаўсюджвае незалежныя выданні – калі дома №28 па вуліцы Леніна. Супрацоўнікі міліцыі заявілі, што з ім хоча пагаварыць кіраўніцтва Чыгуначнага РАУС.
Але ў пастарунку размаўляць давялося з прадстаўнікамі аддзелу міліцыі грамадскай бяспекі. Апазіцыянеру прапанавалі падпісаць пісьмовае папярэджанне, што ён не будзе праводзіць мітынгаў і не выйдзе ў горад з бел-чырвона-белым сцягам.
Барыс Хамайда падпісваць нейкія паперы катэгарычна адмовіўся, хаця не з’яўляецца ні арганізатарам Народнага сходу, ні нават прыхільнікам ідэі іх праводзіць: “Я сказаў, што выйду са сцягам, калі складзецца адпаведная сітуацыя. І буду праводзіць мітынгі. І таму ніякія папярэджанні падпісваць не збіраюся, хаця і ўдзельнічаць у гэтых цяперашніх Народных сходах абсалютна не маю ніякіх намераў!”