Рэгіянальныя газеты ўзяліся за палітуцекачоў
“Лідская газета” і смаргонскі “Светлы шлях”раптам узгадалі пра палітычнага ўцекача Рамана Кудаша ў артыкуле “Марыянетка ў чужых руках альбо пра тое як не патрапіць у пастку расстаўленаю “дабразычліўцамі”. Відавочна, што для рэгіянальнай прэсы існуе нейкая разнарадка па размяшчэнні падобных матэрыялаў.
Паведамленні пра лідчука Рамана Кудаша, які быў вымушаны прасіць палітычнага прытулку ў Польшчы, з’явіліся на сайтах (“Берасцейская вясна”, “Беларускае радыё рацыя” і інш.) яшчэ ў верасні. І раптам карэспандэнт “Лідскай газеты” Крысціна Майская ўзгадала пра гэтага хлопца і выдала разгромны артыкул пра тое, што дадзеныя сайты “лёгка выдаюць хлусню за праўду і наадварот, а таксама ўмела ствараюць розную “чарнуху”, а Раман Кудаш – насамрэч недобрасумленны хлопец, лайдак, непаспяховы вучань і просты ўхіліст ад войска. Чырвонай ніткай у матэрыяле праходзіць думка пра тое, як цудоўна жывецца ў Беларусі ў параўнанні з суседняй Польшчай. Чытачы таксама даведваюцца, што “павагу ў многіх палякаў выклікае і наша імкненне жыць па законах, прынятых у дзяржаве, а не танцаваць пад чужую дудку”.
Праз пару тыдняў гэты твор Крысціны Майскай перадрукаваў смаргонскі “Светлы шлях”. Сумніўна, што рэдакцыя гэтай газеты сапраўды палічыла артыкул актуальным і цікавым для смаргонцаў і размясціла яго на 2-й старонцы сярод матэрыялаў, якія датычацца менавіта смаргонскага жыцця. Падобна на тое, што падобныя опусы прыходзіцца друкаваць па загаду зверху.