Судовы працэс Бяляцкага: дзень трэці
У Першамайскім судзе Мінску 4 лістапада працягнецца судовы працэс у крымінальнай справе старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» віцэ-прэзідэнта Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага. Чакаецца, што суд прыступіць да вывучэньня пісьмовых матэрыялаў справы.
У першы дзень пракурор зачытаў абвінавачваньне. Суд пачаў дапытваць Бяляцкага.
3 лістапада судовае паседжаньне працягнулася: у судзе былі дапытаныя сьведкі па справе.
Судзьдзя — Сяргей Бандарэнка. Пракурор — Сайкоўскі. Адвакат — Зьміцер Лаеўскі.
Перад пачаткам працэсу ахова суду праверыла апазыцыйных актывістаў, якія хацелі патрапіць на суд, ці няма ў іх пад кашулямі маек з патрэтамі Бяляцкага. За такія майкі некалькіх чалавек ужо выдалілі з залі суду да канца працэсу.
У судзе працягваецца вывучэньне пісьмовых матэрыялаў справы. Гэта пераклад ліста з літоўскага банка NORD. Ліст накіраваны ў Мін'юст Літвы 7 сакавіка 2011 года. Таксама агучваюцца сумы, што пераводзіліся на рахунак Бяляцкага ад Нарвежскага хельсінкскага камітэту, запіс у графе "прызначэнне пераводу" — "Вясна".
* * *
Пракурор знайшоў у справе рашэньне, напісанае па-беларуску, пра ліквідацыю "Вясны", паклікаў перакладчыцу, каб тая пераклала і зачытала па-расейску. У справе таксама ёсьць сьпісы сябраў абласных адзьдзяленьняў ПЦ "Вясна".
Пасля таго, як быў зачытаны першы том справы з выпіскамі па банкаўскіх рахунках, абарона выступіла з пярэчаньнямі. Адвакат Лаеўскі, у прыватнасьці, адзначыў, што пракурор так і не назваў суму, якую абвінавачваньне лічыць прыбыткам Бяляцкага. Акрамя таго, зняцьце Бяляцкім грошай з рахункаў не сведчыць аб тым, што яны былі яго прыбыткам, заявіў адвакат.
Далей вывучаецца другі том справы. Гэта пастанова пра пачатак крымінальнай справы супраць Бяляцкага, інфармацыя Дэпартамэнту фінансавых рассьледваньняў пра падаткавую праверку Бяляцкага, акты, копіі дэклярацый, іншыя дакумэнты.
* * *
Адвакат пярэчыць пастанове пра накладаньне арышту на маёмасьць: машыну,
лецішча і іншае, паколькі яна зьяўляеца сумеснай Алеся і ягонай жонкі
Натальлі.
Паводле адваката, сьледзтва ня выканала даручэньне пракурора высьветліць
маёмасны стан Бяляцкага, высьветліць, хто перасылаў на ягоны рахунак
грошы, хто зьяўляецца крыніцай прыходу грошай, мэтавае выкарыстаньне
гэтых сродкаў, а таксама ці ўвозіў Бяляцкі грошы ў Беларусь праз мяжу.
Абарона зацкаўленая ў выкананьні гэтых даручэньняў — заявіў адвакат.(Радыё Свабода)
Вывучаецца чацьвёрты том справы. Пракурор агучыў адно з хадайніцтваў пра
паручальніцтва за Алеся Бяляцкага, якое падпісалі 816 чалавек. За
гэтымі хадайніцтвамі у справу падшытая пастанова сьледзтва пра адмову ў
вызваленьні Алеся пад паручальніцтва грамадзянаў. Усяго пад хадайніцтвы
адведзена 2 тамы справы.
Адвакат заяўляе, што ў жніўні хадайнічаў пра тое, каб сьледзтва
высьветліла, хто пералічваў Бяляцкаму грошы на рахунак і зьвярнулася да
гэтых устаноў ў просьбай паведаміць, на што яны пасылалі гэтыя грошы.
Але сьледзтва адхіліла гэтае хадайніцтва, якое дапамагло б устанавіць
ісьціну. (Радыё Свабода)
Усе тамы крымінальнай справы разгледжаныя. У судзе абвешчаны перапынак да 15 гадзін.
Пасьля перапынку пракурор Сайкоўскі
паведаміў, што матэрыялы на Бяляцкага з Мытнага камітэту і падаткавай
інспэкцыі, якія запатрабаваў суд, чакаюцца цягам паўгадзіны. А тым часам
працягваецца разгляд 6-га тому справы. У
адным з дакумэнтаў гаворка ідзе пра тое, што правабаронца Ўладзь Лабковіч з
дапамогай кампутара ажыцьцяўляў дзеяньні на прыхаваньне дзеяньняў Бяляцкага.
Выглядае, што сьледзтва атрымала доступ да электроннай пошты Ўладзімера
Лабковіча. Ліставаньне
Лабковіча прызаннае дакумэнтам, што сьведчаць пра дзейнасьць на карысьць
Бяляцкага, і далучаная да крымінальнай справы.
"Была арганізаваная кампанія па прыхоўваньню мэтаў пераводу грошай на
рахункі Бяляцкага", — зрабіў выснову пракурор.(Радыё Свабода)
* * *
У залю суда прывезлі дакументы з падатковай інспекцыі. Аб далучэнні іх да справы хадайнічала абарона. Пракурор пакуль працягвае чытаць матэрыялы 6-га тома справы.
Суддзя запытаў Алеся Бяляцкага,
ці прызнае ён іск. Праваабаронца заявіў, што не прызнае. Зараз адвакат
Бяляцкага робіць удакладненні па матэрыялам справы.
Адвакат Бяляцкага зачытаў тэкст свайго хадайніцтва, дзе заяўляў, што лічыць
вінаватасць яго падабароннага недаказанай. На думку абаронцы, нават дакументы з
літоўскіх і польскіх банкаў сведчаць аб тым, што грошы з рахункаў Алеся
Бяляцкага ішлі на патрэбы "Вясны", а не асабіста Бяляцкага.
Адвакат звяртае увагу суддзі на тое, што у матэрыялах справы няма некаторых важных элементаў. У прыватнасці, ён звярнуў увагу на тое, што крыніца некаторых дакументаў пазначаная як "дыск DVD", атрыманы ў выніку следчых мерапрыемстваў. Аднак у саміх матэрыялах дыску няма. Адпаведна абарона не можа з ім азнаёміцца. Іншы момант -- ананімныя крыніцы інфармацыі. На думку адваката, яны супярэчлівыя і нават "пазбаўленыя ўсякага сэнсу". (Еўрапейскае радыё)
Адвакат зьвяртае увагу суддзі на тое, што у матэрыялах справы ёсць неперакладзеныя дакументы, няправільна аформленыя і інш. Ён заўважыў, што некаторыя дакументы справы не адпавядаюць працэсуальнаму кодэксу. Абарона працягвае указваць на недакладнасьці і парушэньні ў матэрыялах справы. У прыватнасьці, адвакат расказаў, што на дакументах, атрыманых следствам з Польшчы, няма ня толькі пячаткі, але нават подпісаў супрацоўнікаў банкаў. "Гэты дакумент, у прынцыпе, не можа даследавацца. Ён не з'яўляецца доказам", -- паведаміў адвакат.(Еўрапейскае радыё)
Пракурор паведаміў, што зьвесткі з Мытнага камітэту, якія запатрабаваў суд, будуць гатовыя ў чацьвер. Судзьдзя абвесьціў перапынак да 10 лістапада.