За права правесці пікет у падтрымку Алеся Бяляцкага зноў давядзецца судзіцца
На 10 лістапада прызначаны разгляд касацыйнай скаргі Леаніда Свеціка ў Віцебскім абласным судзе. Праваабаронца спрабуе абскардзіць пастанову Чыгуначнага райсуду аб правамоцнасці адмовы ў правядзенні пікету ў падтрымку Алеся Бяляцкага.
Нагадаем, 7 кастрычніка суд Чыгуначнага раёну Віцебску не задаволіў патрабаванне Леаніда Свеціка пра адмену рашэння кіраўніка Чыгуначнай раённай адміністрацыі Юрыя Маскалёва, які забараніў праваабаронцу зладзіць пікет. Праваабаронца не пагадзіўся з пастановай суддзі Рамана Дзягоды і абскардзіў яе ў абласным судзе.
Правесці пікет у падтрымку Алеся Бяляцкага планавалася яшчэ 6 жніўня. Леанід Свецік падаў заяўку ў адміністрацыю Чыгуначнага раёну на правядзенне пікету, каб падзяліцца з жыхарамі гораду інфармацыяй пра тое, як у краіне выконваюцца правы чалавека. У прыватнасці, ён хацеў прыцягнуць увагу гараджанаў да факту затрымання і змяшчэння пад варту кіраўніка Праваабарончага цэнтру “Вясна”.
Паводле Леаніда Свеціка, ён хацеў правесці пікет у месцы, афіцыйна вызначаным уладамі для правядзеньня масавых мерапрыемстваў, – у Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў. Аднак правядзенне акцыі раённыя ўлады забаранілі, спаслаўшыся на рашэнне Віцебскага гарвыканкаму № 881 ад 10 ліпеня 2009 г. Згодна з гэтым рашэннем, асоба, якая хоча зладзіць масавае мерапрыемства, для атрымання дазволу мусіць папярэдне заключыць дамовы з Упраўленнем унутраных спраў, гарадской цэнтральнай паліклінікай і ЖКГ. На практыцы згаданыя службы адмаўляюцца заключаць дамовы без ужо атрыманага ад раённых уладаў дазволу на акцыі.