У Гомелі Іллю Міронава асудзілі таемна
У судзе Савецкага раёна Гомеля 27 кастрычніка адбылося судовае паседжанне па адміністратыўнай справе Іллі Міронава, актывіста супольнасці «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі», затрыманага вечарам 26 кастрычніка. Адметнасць суда была ў тым, што нікога, нават маці актывіста, не пусцілі на паседжанне. Больш таго, міліцыянеры на вахце ўвесь час падманвалі сяброў, якія прыйшлі ў суд падтрымаць Іллю: казалі, што паседжанне адбудзецца заўтра, потым – што яно ўжо адбылося. Яны абяцалі прапусціць на паседжанне маці, і ўсё даводзілі ёй, што «вось-вось, пачакайце, зараз вас прапусцім». У выніку на суд ніхто не трапіў.
Іллю асудзілі на 10 сутак арышту па артыкуле 23.34 КаАП (парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства). Яго абвінавацілі ў падрыхтоўцы Народнага сходу, які мае адбыцца 12 лістапада. Быццам у справе ёсць нейкія жанчыны-сведкі, якія бачылі, як Міронаў распаўсюджваў улёткі.