viasna on patreon

Гомель: Іллю Міронава сёння будуць судзіць

2011 2011-10-27T10:50:30+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ichu-gomiel.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Гомелі вечарам 26 кастрычніка быў нечакана затрыманы грамадскі актывіст Ілля Міронаў. Ён толькі выйшаў са сваім сябрам з працоўнага памяшкання, як на актывіста наляцелі пяць супрацоўнікаў спецназу, запіхнулі яго ў аўтамабіль і звезлі ў невядомым накірунку.

Прычым сябры не маглі даведацца – куды павезлі маладога чалавека, бо ва ўсіх гарадскіх аддзелах міліцыі быў адказ, што такога затрыманага ў іх няма. І толькі каля 23:00 сябры даведаліся ад дзяжурнага ІЧУ, што Ілля Міронаў знаходзіцца там, «за здзяйсненне адміністратыўнага правапарушэння». Якога менавіта – дзяжурны не ўдакладніў. 27 кастрычніка адбудзецца суд над актывістам.

Дарэчы, яшчэ дзень таму маці Іллі наведалі міліцыянеры, якія пагражалі праблемамі ў сына, і раілі ёй неяк спыніць актыўную дзейнасць маладога чалавека. Міронаў актыўна ўдзельнічаў у маўклівых акцыях. І нават калі ў Беларусі акцыі пратэсту па серадах не праводзіліся, у Гомелі актыўныя маладыя людзі кожную сераду збіраліся на пляцоўцы каля фантана.

Прынамсі, актывісты былі там не адны: іх заўсёды акружалі і здымалі на відэа супрацоўнікі міліцыі і спецназу. Аднойчы пасля такой акцыі Міронаў быў затрыманы, яго абвінавацілі ў з'яўленні ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап'янення. Быў затрыманы малады чалавек і ў час правядзення Народнага сходу 8 красавіка. Пратрымаўшы Іллю больш за гадзіну ў Цэнтральным РАУС, яго і паплечнікаў адпусцілі.

Некалькі дзён таму Ілля з сябрамі спрабаваў правесці акцыю салідарнасці з палітвязнямі. Маладыя людзі прыйшлі з плакатамі да помніка Кірылу Тураўскаму, непадалёк ад драматычнага тэатру. Да іх адразу падышлі міліцыянеры, якія папярэдзілі, што як толькі яны разгорнуць плакаты – будуць затрыманыя. У выніку адзін удзельнік акцыі, Віталь Пратасевіч, разгарнуў плакат, і яго тут жа затрымалі. Суддзя Марына Домненка пакарала Пратасевіча арыштам на 10 сутак, якія ён зараз адбывае на ІЧУ.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства