viasna on patreon

Грамадскія аб'яднанні звярнуліся ў Савет Рэспублікі ў сувязі з адыёзнымі законапраектамі

2011 2011-10-19T17:47:42+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dakumenty.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

19 кастрычніка ў Савет Рэспублікі перададзены калектыўны зварот, падпісаны 25 грамадскімі аб’яднаннямі і іншымі некамерцыйнымі арганізацыямі, а таксама асобнымі грамадзянамі. Прадметам зварота стала занепакоенасць грамадскасці законапраектамі аб унясенні зменаў у Крымінальны кодэкс і закон “Аб грамадскіх аб’яднаннях”, а таксама ў закон “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” (славуты закон “аб бяздзеянні”).

Аўтары калектыўнага звароту пратэстуюць супраць увядзення ў крымінальны кодэкс новых артыкулаў, якія караюць за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў. Усталяванне крымінальнай адказнасці за такія дзеянні пры наяўнасці надвычай жорсткага парадку атрымання дазволаў на правядзенне масавых акцыяў створыць падставу для палітычных рэпрэсіяў: цяпер крымінальным злачынствам стане нават публікацыя абвестак аб правядзенні мітынгаў і пікетаў да атрымання рашэння па заяўке на іх правядзенне.

Патэнцыйная крыміналізацыя дабрачыннай дзейнасці паводле новага артыкула 3692  Крымінальнага кодэкса “Атрыманне замежнай бязвыплатнай дапамогі ў парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь” скрайне негатыўна адаб’ецца на колькасці сродкаў, што атрымлівае Беларусь ў межах міжнародных праграмаў і праектаў. Апроч таго, паўстае рызыка прыцягнення да крымінальнай адказнасці асобаў, што атрымліваюць грашовыя пераводы з-за мяжы, якія нават не патрабуецца  рэгістраваць ў якасці замежнай дапамогі.

Адзначаецца, што прапанаваныя заканадаўцамі новыя вызначэнні артыкулаў “Здрада дзяржаве” фактычна яшчэ на стадыі прыняцця гэтых нормаў закладаюць магчымасць іх пашыранай інтэрпрэтацыі. Уключэнне ў склад здрады дзяржаве “інога аказання дапамогі замежнай дзяржаве” дазволіць кідаць за краты любых асобаў, што кантактуюць з замежнымі арганізацыямі, журналістамі, праваабарончымі структурамі. Падобныя прастора для пашыранага тлумачэння ёсць і ў шэрагу іншых артыкулаў, якія прапануюцца ў кодэкс.

У калектыўным звароце ягоныя ўдзельнікі заклікаюць членаў Савета Рэспублікі адхіліць гэтыя законапраекты, якія ўжо былі прынятыя Палатай Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу 3 кастрычніка ў таемным рэжыме.  Прычынай для адхілення спрэчных законапраектаў аўтары называюць неадпаведнасць іх нормаў патрабаванням Канстытуцыі і міжнародным абавязальніцтвам Рэспублікі Беларусь у галіне правоў чалавека, у тым ліку прынцыпам АБСЭ аб свабодзе сходаў. “Прапанаваныя змены накіраваны на празмернае абмежаванне правоў і свабод грамадзян, перашкаджаюць нармальнаму грамадскаму дыялогу ў Беларусі” – адзначана ў дакуменце.

Наступнае пленарнае пасяджэнне Савета Рэспублікі прызначанае на 21 кастрычніка. Аўтары звароту прапануюць парламентарам улічыць меркаванне грамадскасці пры разглядзе законапраектаў, а таксама заклікаюць прадстаўнікоў СМІ звярнуць увагу на разгляд заканадаўамі пытанняў, якія выклікаюць грамадскую занепакоенасць.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства