Супрацоўнікі Дэпартамента аховы забралі Кастуся Жукоўскага на допыт у міліцыю разам з малой дачкой
14 кастрычніка гомельскі апазіцыянер Кастусь Жукоўскі не паспеў выйсці з хаты, як яго ўжо чакалі каля брамы супрацоўнікі Дэпартамента аховы з аўтаматамі. Яны патлумачылі, што Жукоўскаму неабходна добраахвотна праехаць з імі ў Цэнтральны РАУС, а ў выніку адмовы супрацоўнікі аховы будуць вымушаны, па іх выразу, «настойваць на гэтым». У гэты час у доме апазіцыянера чакала шасцігадовая дачка, прычым хворая. Бацька не мог пакінуць яе адну, таму быў вымушаны ўзяць з сабой на допыт у міліцыю.
Міліцыянеры казалі, што Жукоўскага хочуць апытаць у Цэнтральным РАУС наконт інцыдэнту ў судзе, які адбыўся 11 кастрычніка. Нагадаем, міліцыянеры схапілі апазіцыянера ў будынку суда і прыкавалі кайданкамі да батарэі ацяплення. Яшчэ раней актывіст быў затрыманы спецназам, і пры затрыманні яму зламалі нагу. 15 дзён ён правеў у ІЧУ са зламанай нагой.