Белпартызан: На лідара «Ляпісаў» Сяргея Міхалка завялі крымінальную справу
Як стала вядома "Беларускаму партызану" з кампетэнтных крыніц, супраць лідара культавага беларускага гурта "Ляпіс Трубяцкі" Сяргея Міхалка ў Беларусі заведзена справа. Яго хочуць пакараць за смелыя выказванні супраць улады.
Справа заведзена пракуратурай Цэнтральнага раёна Мінска, па месцы жыхарства музыкі. Яго хочуць абвінаваціць у абразе Лукашэнкі.
Сам музыка зараз знаходзіцца на гастролях у Расіі і пакуль адмаўляецца ад разгорнутых каментароў. "Я не ведаю падрабязнасцяў. Сапраўды, дадому прынеслі позву з патрабаваннем з'явіцца на допыт у пракуратуру. Позву пакінулі маці, якая ў гэты момант была дома. Буду ў Мінску - разбяромся", - сказаў "Беларускаму партызану" Сяргей Міхалок.
Нядаўна Міхалок даў некалькі скандальных інтэрв'ю, якія і выклікалі нянавісць беларускіх уладаў. "Ніякі ён не прэзідэнт. Ён сабраў вакол сябе "чорныя" брыгады і зладзіў генацыд беларускага народа. (...) Гэта чалавек, які ненавідзіць свой народ і ў лепшым выпадку заслугоўвае справядлівага суду...", - лідар "Ляпісаў" ў інтэрв'ю інтэрнэт-тэлебачанню 1tvnet.ru выказаў усё, што ён думае пра Лукашэнку і сітуацыі ў Беларусі.