viasna on patreon

Народны сход: надзеі і трывогі

2011 2011-10-08T17:34:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/narodny-shod.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

8 кастрычніка


9-00. Правакацыя ў Гомелі. У мікрараёне, дзе плануецца правядзенне Народнага сходу (на пляцоўцы каля ДК "Віпра") 7 кастрычніка невядомыя распаўсюдзілі ўлёткі ад імя апазіцыі аб тым, што мерапрыемства адмяняецца.

У паштовых скрынях жыхароў вуліц Кожара і Юбілейнай Гомеля, непадалёк ад планаванага месца правядзення Народнага сходу, 7 кастрычніка таксама з'явіліся ўлёткі, дзе паведамляецца ад адмене мерапрыемства. Прычым улёткі надрукаваны ад нібыта імя арганізатараў сходу, у прыватнасці, Уладзіміра Кацоры. Прычым афармленне ўлёткі скапіравана з той, якую сапраўды распаўсюджвалі ў Гомелі арганізатары. Варта заўважыць, што Уладзімір Кацора сапраўды надрукаваў улёткі-запрашэнні на Народны сход ад свайго імя, дзе запрашаў грамадзян прыняць удзел у мерапрыемстве, і гэтыя інфармацыйныя матэрыялы былі распаўсюджаны ў Гомелі. Адрозненне ў тым, што ў сапраўднай улётцы арганізатары запрашаюць людзей на Народны сход, а ў распаўсюджанай 7 кастрычніка невядомымі пішацца аб адмене мерапрыемства, больш таго – нібыта арганізатары прызнаюць, што парушылі закон, і таму просяць у людзей прабачэння. Вялікімі літарамі на ўлётцы надрукавана «Народны сход адмяняецца». Верагодна, што такім чынам улады вырашылі ўвезці ў зман людзей, і прычым дыскрэдытаваць арганізатараў. Уладзімір Кацора назваў з'яўленне такіх улётак правакацыяй, у тым ліку і ў адносінах да яго.

Прыкладна ў 10 гадзін раніцы пачаліся праблемы з доступам да сайтаў «Народнага сходу», «Хартыі», «Белпартызана» сярод беларускіх карыстальнікаў.

10-30. Па дарозе ў Менск затрыманы слонімскі актывіст БНФ Іван Шэга. Спадар Шэга планаваў паехаць у Мінск на прыватнай маршрутцы. Але гаспадару маршруткі загадалі яго не браць. Тады Іван Шэга паехаў на ўласным аўто. Яго затрымалі міліцыянеры. Цяпер Іван Шэга знаходзіцца ў Карэліцкім РАУС. Аб гэтым журналісту ён паведаміў па мабільным тэлефоне.

У Асіповічах затрыманы грамадскі актывіст Ігар Сімбіроў. Ён дастаўлены ў пастарунак чыгуначнага вакзалу райцэнтру.
Праз тэлефон ён паведаміў, што ён збіраўся ў Менск. У электрычцы на яго напалі двое чалавек у цывільным. Збілі, выцягнулі з электрычкі і зацягнулі ў пастарунак. Паводле Сімбірова затрыманнем кіраваў падпалкоўнік Рогаль. Міліцыянты затрыманне патлумачылі тым, што актывіст нібыта перавозіць незаконныя рэчавы (паводле Радыё свабода).  

10-50. У Віцебску актывіста Сяргея Каваленку міліцыянты забралі з дому ў 8 раніцы і адвезлі ў пастарунак.

Супрацоўнікі інспекцыі  па выкананню пакаранняў і сказалі, што Сяргей пабудзе ў іх пад наглядам, пакуль у горадзе будзе праходзіць “апазыцыйны сход”, -- распавяла жонка актывіста Алена Каваленка. Сябар КХП БНФ Сяргей Каваленка ў аргкамітэт па падрыхтоўца Народнага сходу не ўваходзіць. Ен увогуле не займаўся адкрытай палітычнай дзейнасьцю пасьля таго, як у 2010 годзе быў асуджаны на ўмоўны тэрмін за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску.
Тым не менш,  міліцыя ўвесь час цікавіцца ягоным месцам знаходжання, калі ў Віцебску час ад часу з’яўляюцца бел-чырвона-белыя сцягі. Не выключана, што і ў дзень Народнага сходу ахоўнікі правапарадку апасаюцца чагосьці падобнага.

Каля 11-00 у Барысаве  затрыманы арганізатар народнага сходу Леў Марголін. Супрацоўнікі ДАІ Барысаўскага РАУС затрымалі аўтамабіль Льва Марголіна.
Марголін з'яўляецца адным з арганізатараў Народнага сходу. Ён выехаў на сваім аўтамабілі з дому і амаль адразу быў спынены супрацоўнікамі ДАІ Барысаўскага РАУС. Яго правялі ў Барысаўскі РАУС для агляд на прадмет прыняцця алкаголю.

11-40. Радыё Рацыя перадае, што з самага ранку ў Мінску пачаліся прэвентыўныя затрыманні моладзевых актывістаў звязаных з анархісцкім рухам.

12.10 У Полацку затрыманы Віктар Калеснік, арганізатар Народнага сходу, і Вячаслаў Бойка, які вёз на сход электрагенератар. Іх машыну спыніла ДАІ, супрацоўнікі заявілі, што машына, падобна, скрадзеная. Вячаслава завезлі ў ДАІ, а Віктара - у Наваполацак, у аддзел крымінальнага вышуку. Прычына – тое, што ўчора ён не з’явіўся на дактыласкапію (паводле Радыё Свабода).

12-15 У Менску вакол парку на плошчы Бангалор, дзе мае адбыцца сход, па інфармацыі журналістаў Радыё Свабода, прыпаркаваныя 3 аўтазакі, 10 аўтобусаў са спецназам. Таксама дзяжураць тры машыны хуткай дапамогі і дзесятак міліцэйскіх машын.

12-25 Хвілін 10 таму ў Гомелі затрыманы арганізатары мясцовага сходу Уладзімір Кацора, Васіль Палякоў і праваабаронца Леанід Судаленка. Затрыманне, якім кіраваў маёр Алейнік, адбылося непадалёк ад запланаванага месца збору - пляцоўкі ля ДК "Віпра". Зараз іх дастаўляюць у Цэнтральны РУУС у суправаджэнні двух аўтамабіляў з амапаўцамі.
Таксама, паводле Радыё Рацыя, у горадзе затрыманы кіраўнік абларганізацыі партыі "Справядлівы свет" Уладзімір Сякерка. Міліцыянты спынілі аўтамабіль, у якім перавозілася гукаўзмацняльная апаратура для Народнага сходу, на падставе таго, што нібыта машына скрадзеная.

12-26 У Наваполацку арганізатара сходу Яўгена Парчынскага затрымалі без тлумачэння прычынаў. Міліцыянты сустрэлі спадара Парчынскага каля пад’езда і сказалі, што з ім хочуць паразмаўляць у гарадскім аддзеле міліцыі. Загадалі чакаць, пакуль прыйдзе начальства і пакінуць у “дзяжурцы” мегафон, прызначаны для вядзення сходу (паводле Радыё Свабода).

13-10 У Жодзіна месца сходу абнеслі турнікетамі. З учорашняга вечара месца, вызначанае для Народнага сходу ў Жодзіна, абнеслі турнікетамі.

Да стадыёна ў восьмым мікрараёне Жодзіна ўвечары ў пятніцу, 7 кастрычніка, прывезлі металічныя турнікеты. Тым не менш, арганізатары маюць намер сабраць людзей менавіта ў гэтым, абвешчаным раней, месцы.
Месцы сходаў у розных гарадах краіны аточаны металічнымі турнікетамі. На месца сходаў для застрашвання грамадзян прыгналі аўтазакі, звезлі спецназ і «ідэалагічных работнікаў».

13-15 У Барысаве арганізатар Народнага сходу Леў Марголін, які правёў у міліцыі каля двух гадзін, пад міліцэйскім канвоем дастаўлены па месцы жыхарства і не можа выйсці з дому да 17-00.
Нягледзячы на адмену сходу ў горадзе, уваходы на гарадскі стадыён і пляцоўка за ім, дазволеная для правядзення масавых мерапрыемстваў, зачыненыя для праходу супрацоўнікамі Барысаўскага РАУС.

13.30 “У сувязі з атакамі спецслужбаў на наш сайт, online трансляцыя была перарваная”, паведамляюць “Народныя навіны”, што вядуць рэпартаж з плошчы Бангалор у Менску. І далей: “Пасля выступу Івашкевіча скандуюць анархісты. Міліцыя не ўмешваецца, назіраючы збоку (“ціхары”). Людзі пачынаюць разыходзіцца”.

13-37 Пра затрыманне ў Глыбокім грамадскага актывіста Зміцера Лупача паведамляюць чытачы «Нашай Нівы».

13-40 З Беларусі знік доступ да сайта радыё «Свабода».

13-50 – Анархісты разбегліся ў розныя бакі (у натоўпе хадзілі чуткі, што на выхадзе іх будуць затрымліваць), перадаюць “Народныя навіны”.  

13-55 - У Менску арганізатары абвесцілі пра заканчэнне Народнага сходу. Людзі пачалі разыходзіцца.

14-00 Як паведамляе Наша Ніва, у рэгіёнах паўнавартыя Народныя сходы не адбыліся практычна нідзе. А вось у Менску, нягледзячы на дождж і папярэджанні пракуратуры, на Сход сабралася каля тысячы чалавек.

14-04 У Гомелі затрыманы Валерый Рапнін - за распаўсюд рэзалюцыі Народнага сходу. Яго даставілі ў Чыгуначны РАУС. Затрыманую журналістку тэлеканала "БелСат" Ларысу Шчыракову павезлі ў невядомым накірунку. Спадара Сляпухіна, які на сходзе абвесціў пра ранейшае затрыманне яго арганізатараў, пасля заканчэння мерапрыемства калона прыкладна ў 100 чалавек суправаджае дадому, каб не дапусціць яго затрымання. Сталі вядомы прозвішчы яшчэ 2 затрыманых: Ілля Міронаў, Ірына Вараб'ёва.

14-36 Па непацверджанай інфармацыі ў Менску ўсё ж былі затрыманыя пяцёра анархістаў, якія разбягаліся з плошчы Бангалор. Падчас сходу яны стаялі з расцяжкай "Свабода. Роўнасць. Справядлівасць" і выкрыквалі лозунгі. Праваабаронцы спрабуюць праверыць дадзеную інфармацыю.

16-00 З Савецкага РАУС г. Менска выпусцілі 12 затрыманых, 9 з якіх - прадстаўнікі анархісцкага руху. Пратаколы аб праваапарушэннях не складаліся. У затрыманых узялі адбіткі пальцаў. Таксама ўсіх затрыманых выпусцілі з пастарунку ў Гомелі - пратаколы на іх не складаліся.

У Менску прэвентыўна затыманыя Ігар Трухановіч і Барыс Ашчэпкаў. Іх даставілі ў Завадскі РАУС г. Мінска.

***

Народны сход грамадзян запланавана правесці сёння больш чым у 20 гарадах Беларусі. Галоўная яго мэта – абмеркаваць актуальныя эканамічныя і сацыяльна-палітычныя праблемы краіны, а таксама выбраць прадстаўнікоў, якія перададуць патрабаванні ўдзельнікаў сходу Ўладам.

Беларускае заканадаўства прадугледжвае такі від грамадскай актыўнасці насельніцтва і рэгламентуе яго згодна з Законам аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах. Аднак…

6 кастрычніка сустаршыняў аргкамітэту па скліканні Народнага сходу Віктара Івашкевіча і Генадзя Фядыніча выклікалі ў Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь і папярэдзілі аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Кіраўніцтва Менскага гарвыканкаму ў сваю чаргу папярэдзіла іх на наступны дзень.

Напрацягу ўсёй падрыхтоўкі да акцыі “Народнага сходу” ў Беларусі затрымліваліся актывісты. На многіх з іх былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы, некалькі чалавек арыштаваныя (Лявон Чэпурных – 5 сутак, Ян Мельнікаў- 5 сутак, Артур Эшбаеў -7 сутак, Анжэлу Камбалаву чакае суд 10 кастрычніка), больш за дзесяць чалавек атрымалі штрафы.

Некалькі дзесяткаў валанцёраў і актывістаў у Гомелі, Гародні, Берасьці, Магілёве, Віцебску, Наваполацку, Бабруйску, Салігорску, Мазыры, Жодзіна і іншых гарадах напярэдадні акцыі былі папярэджаныя аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства. Улада выкарыстоўвала і іншыя, нестандартныя,  магчымасьці: так, напрыклад, арганізатара Народнага сходу ў Наваполацку актывіста Віктара Калесніка выклікалі  ў ГАУС для праходжання дактыласкапіі, некаторых тэрмінова адклікалі на працу.

Гарады і месцы збору ўдзельнікаў Народнага сходу

У Менску Народны сход плануецца на плошчы Бангалор, дзе правядзенне масавых мерапрыемстваў афіцыйна дазволена. Арганізатары акцыі не сталі падаваць заяўку на правядзенне сходу, бо абраны фармат мерапрыемства гэтага не патрабуе.

У другой палове дня 7 кастрычніка атрымалі папярэджанні пракуратуры Віктар Бузінаеў, Канстанцін Локцеў (Бабруйск), Уладзімір Вуек, Сяргей Хмарук (Берасце), Яўген Парчынскі, Віктар Калеснік (Наваполацк), Іван Шэга, Іван Бедка (Слонім), Юрый Істомін, Павел Станеўскі (Гародня), Васіль Палякоў, Уладзімір Кацора, Канстанцін Жукоўскі (Гомель), Ірына Яцкевіч (Віцебск), Мінай Карніенка, Мікалай Дзямідаў (Орша), Уладзімір Целяпун (Мазыр), Аляксей Змушко (Рэчыца), Аляксандр Валчанін, Юрый Сілкін (Жодзіна), Дзяніс Кобрусеў, Ігар Комлік (Менск).

У той жа дзень міліцыя затрымала сябра аргкамітэту Народнага сходу Вадзіма Кабанчука і друкаваную прадукцыю, якую меркавалася раздаваць удзельнікам народнага сходу. Ягоны аўтамабіль адагналі ў Ленінскі РУУС Менска.

Незалежнага журналіста Кастуся  Шыталя 7 кастрычніка спынілі супрацоўнікі міліцыі на дарозе Глыбокае-Шаркоўшчына і даставілі ў Міёрскі РАУС. Хлопцу заявілі, што ён падобны да злодзея, які рабуе машыны.

Затрыманнем машыны, а таксама канфіскацыяй нэтбука і інфармацыйных матэрыялаў міліцыяй завяршылася затрыманне сябра Руху “За Свабоду” з Бярозаўкі Лідскага раёна Сяргея Трафімчыка. Ён атрымаў позву з’явіцца сёння аб 11-ай гадзіне ў Мастоўскае аддзяленне міліцыі.

Увечары 7 кастрычніка ў Гомелі быў затрыманы актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП), пенсіянер МУС, Уладзімір Няпомняшчых.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства