Дзесяць сяброў сойма Партыі БНФ выкліканыя на допыты ў міліцыю
Позвы былі дастаўленыя ў офіс партыі ўвечары 3 кастрычніка. У той жа дзень апазіцыянеры павінны былі прыйсці ў міліцыю.
Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на сябра Сойма Вадзіма Канапацкага, позвы не мелі паштовага штэмпеля і марак. У штаб-кватэру партыі яны былі дастаўленыя значна пазней за час, прызначаны для дачы паказанняў. Таму партыйцы не пайшлі па позвах, а даслалі міліцыянтам ліст з прапановай накіроўваць позвы належным чынам.
Канапацкі кажа, што ў позвах не сказана, па якой справе выклікаюцца сябры партыі. На яго думку, масавы выклік да следчага можа быць звязаны з крымінальнай справай на трох сяброў сойма Партыі БНФ. Нагадаем, Алеся Каліту , Максіма Губарэвіча і Сержука Семенюка падазраюць у збіцці ахоўніка будынка, дзе размяшчаецца офіс партыі.
Кіраўніцтва партыі разглядае масавы выклік на допыт як палітычна матываваны ціск на апазіцыйную арганізацыю.