viasna on patreon

Артур Эшбаеў на волі да пятніцы

2011 2011-10-03T15:26:46+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/suddd.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Затрыманага ў мінулую пятніцу, 30 верасня, актывіста РЭП і зборшчыка подпісаў за правядзенне Народнага сходу Артура Эшбаева 3 кастрычніка вызвалілі з-пад варты. Судовае паседжанне адкладзена да пятніцы, 7 кастрычніка.

Паседжанне суда Смалявіцкага раёна пачалося ў панядзелак у 11:00. Суддзя Міснік, азнаёміўшыся з матэрыяламі справы, вырашыла адкласці судовае паседжанне, каб прыцягнуць да працэсу сведак. Як растлумачыў Артур Эшбаеў, у якасці сведкаў будуць выкліканыя людзі, якія паскардзіліся ў міліцыю на тое, што ён збірае подпісы за арганізацыю несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. «Я чытаў пратакол, бачыў прозвішчы гэтых людзей, - тлумачыць Артур. - Як ні дзіўна, але ні аднаму з іх я не прапаноўваў падпісацца за Народны сход».

Артура Эшбаева прыцягнулі да адказнасці па арт. 23.34 КаАП РБ "Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства або пікетавання». З вечара пятніцы, 30 верасня, да сярэдзіны дня 3 кастрычніка ён правёў пад вартай. «У ІЧУ было ўсё нармальна, - распавёў Эшбаеў. - Кармілі нядрэнна. Спачатку сядзелі ўтрох у камеры, потым учатырох. Стаўленне было нармальнае, нават жартавалі з мяне, маўляў, вось, да нас палітычны патрапіў».

Сёння жонка Эшбаева Аляксандра падала скаргу ў пракуратуру на дзеянні міліцыі пры затрыманні Артура. «Паводзілі сябе вельмі груба, напалохалі сваімі крыкамі маленькае дзіця (у Эшбаевых дзіця ва ўзросце да трох гадоў), пагражалі, а потым яшчэ і павезлі мужа ў невядомым напрамку, - распавядае Аляксандра. - Асабліва абуральнымі былі паводзіны маёра Мартысюка, начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Смалявіцкага РАУС. Усё гэта я апісала ў сваёй скарзе, якую ў мяне сёння раніцай прынялі ў пракуратуры ».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства