Узброены напад на праваабаронцу ў Жодзіне каштаваў злачынцу ўсяго 10 мінімалак
У Жодзінскім гарсудзе 22 жніўня разглядалася адміністратыўная справа аб злачынным нападзе жыхара дому па Ф.Скрыны д.3 у Жодзіне Якаўцова М. на праваабаронцу Аляксея Лапіцкага ля 4-га пад’езда гэтага дому з нанясеньнем яму нажом цялесных пашкоджаньняў у выглядзе раны на правай руцэ.
У выніку разьбіральніцтва і разгляду абставінаў па пратаколе аб адміністратыўным правапарушэньні ад 29.07.2011 па арт. 9.1 КаАП Рэспублікі Беларусь “Наўмыснае прынясеньне цялеснага пашкоджаньня”, на якім у якасьці сьведкаў былі апытаныя Сьвятлана Лапіцкая й сябра Якаўцова, Пятро Ганчароў, заяўленыя пацярпелым абставіны справы цалкам пацьвердзіліся. Суддзя Самойла М.Ф. вынес злоснаму хулігану мінімальна прадугледжаны па адзначаным артыкуле прысуд – штраф у памеры 10 базавых велічыняў (350 тыс. рублёў)
Пры гэтым, не без дапамогі некаторых супрацоўнікаў Жодзінскага ГАЎС, якія непасрэдна вялі дасьледваньне па выкліку С.Лапіцкай на месцы здарэньня, былі не ўлічаныя й праігнараваныя ўсе абцяжарваючыя віну абставіны правапарушэньня, а менавіта агрэсіўны настрой Якаўцова, якія ён выказваў у дачыненьні да праваабронцаў Аляксея Лапіцкага й Сьвятланы Лапіцкай як вядомых яму грамадскіх дзеячоў, ягоны нецьвярозы стан, тое, што правапарушальнік працягваў настойліва даваць ілжывыя паказаньні й нават у судовым працэсе абвінавачваў пацярпелага й сьведкаў у хлусьлівасьці, у скажэньні фактаў.
Сапраўды, як высьветлілася ў судзе, міліцыянты, якія абавязаныя былі дакладна дасьледваць і зафіксаваць усе абставіны нападу, паводзілі сябе вельмі дзіўна. Яны складалі пратакольныя паказаньні пацярпелага такім чынам, што там не аказалася сьведчаньняў аб нанесеных праваабаронцу нажавых пашкоджаньнях і крыві (гэта было заўважана й дадавалася ў пратакол асабіста самім пацярпелым на месцы здарэньня). Пасьля вызначэньня прозьвішча парушальніка й месца жыхарства яны апэлявалі да пацярпелых з прычыны таго, што правапарушальнік - адмаўляецца адчыняць дзьверы й пускаць іх для правядзеньня сьледчых дзеяньняў. Акрамя таго, супрацоўнікі міліцыі цалкам праігнаравалі патрабаваньні боку пацярпелага аб неабходнасьці правядзеньня наркалягічнай экспэртызы.
На судзе складалася ўражаньне, што асуджаны Якаўцоў быў упэўнены, калі не ў поўным апраўданьні, дык у самым мінімальным прысудзе.Гэтыя акалічнасці толькі дадатковы раз падкрэсліваюць перадузятае стаўленьне да праваабаронцаў з боку праваахоўных і судовых органаў у Беларусі.
Паводле prava-by.info