Ускладаньне кветак да амбасады Лівіі завяршылася затрыманьнем
Больш за 2 гадзіны правёў ў Ленінскім РУУСе Менска Станіслаў Рамановіч толькі за тое, што наважыўся ўскласьці кветкі ля Лівійскай амбасады ў знак падтрымкі паўстанцаў.
Убачыўшы ў інтэрнэце абвестку пра ўскладаньне кветак, 24 жніўня Рамановіч падыйшоў да амбасады і запытаўся пра дазвол пакласьці букет. Аднак міліцэйская ахова забараніла гэта рабіць. У адказ юнак запатрабаваў паклікаць супрацоўніка амбасады.
Нечакана падбеглі двое пераапранутых супрацоўнікаў спецслужбаў і адвялі Рамановіча ў мікрааўтобус, які напагатове стаяў метрах у дваццацці. У аўтобусе яму загадалі адключыць тэлефон і забралі пашпарт. Пасьля перавялі ў мінівэн, дзе доўга дапытваліся пра месца вучобы і прычыну прыходу да амбасады.
Пасьля Станіслава адвезьлі ў РУУС Ленінскага раёну, дзе доўгі час высьвятлялі, навошта ён прыходзіў да лібійскай амбасады. Пасьля ўзяцця пісьмовых тлумачэньняў і дактыласкапіі, Рамановіча адпусцілі. Пратакол аб адміністратыўным правапарушэньні не складаўся.
Як паведаміў Рамановіч праваабаронцам, верагодна спецслужбы чакалі масавай акцыі каля амбасады, таму былі падрыхтаваныя затрымаць большую колькасьць людзей.