Чым займаецца пракуратура?
Грамадзяне ў апошнія месяцы патокам накіроўваюць у пракурорскія органы скаргі з патрабаваннямі прыцягнуць да адказнасці міліцыянтаў, якія незаконна затрымліваюць людзей па так званых маўклівых серадах. Аднак замест таго, каб праводзіць праверку па фактах міліцэйскага самаўпраўства, пракуратура праводзіць прафілактычныя гутаркі з яго ахвярамі.
У такой сітуацыі апынулася, да прыкладу, Марына Дукмасава. Днямі мы паведамлялі пра тое, як яе, грамадзянку Расіі, суд Партызанскага раёна Менска прыцягнуў да адміністратыўнай адказнасці ў выглядзе штрафу “за нецэнзурную лаянку”.
Позва ў пракуратуру Маскоўскага раёна, якую жанчына знайшла ў сваёй паштовай скрыні, стала для яе поўнай нечаканасцю. Яе выклікалі “для дачы тлумачэнняў па матэрыялах праверкі”.
З’явіўшыся па позве, Марына Дукмасава даведалася, што Менская гарадская пракуратура ў сувязі з яе затрыманнем даручыла раённай пракуратуры высветліць, з якіх крыніцаў жыве грамадзянка Дукмасава, паколькі з’яўляецца беспрацоўнай. Таксама высветлілася, што спн.Марыне павінны былі растлумачыць пра адміністратыўную адказнасць ў выніку паўторных правапарушэнняў. Аднак такая неабходнасць адпала, паколькі “правапарушальніца” абскардзіла ў Менскі гарадскі суд пастанову суда Партызанскага раёна Менска.
Паўстае пытанне: а чаму пракуратуру не цікавіць правамернасць дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі ў сітуацыі з абсурдным затрыманнем Марыны Дукмасавай і яе непаўнагадовага сына?