viasna on patreon

Мінэнергетыкі на заяву супраць будоўлі АЭС адказаў нечакана грунтоўна

2011 2011-06-10T11:44:05+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ne_aes1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Бабруйская каардынатарка руху “Гавары праўду” Алена Мядзведзева паведаміла, што атрымала адказ з Міністэрства энэргетыкі. Нагадаем, што перад гэтым зварот паспеў прайсці Адміністрацыю прэзідэнта і Савет міністраў, якія не здолелі даць тлумачэнні. 

У адказе з Мінэнергетыкі – на пяці аркушах паперы і за подпісам намесніка міністра Ю.Рымашэўскага гаварыцца, што будоўля АЭС патрэбная для “забеспячэння бяспекі і ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі”. Паведамляецца, што ўвядзенне ў эксплуатацыю атамнай электрастанцыі падвысіць узровень жыцця насельніцтва, палепшыць дэмаграфічны склад, адукацыйны і культурны ўзровень жыхароў, медыцынскае абслугоўванне.

Таксама ў адказе сцвярджаецца, што Беларусь, звяртаючыся да няўдалага вопыта Чарнобыля, зацікаўленая ў будаўніцтве бяспечнай АЭС. Падрабязна тлумачыцца сутнасць праекта “АЭС-2006”, па якім будзе ажыццяўляцца будаўніцтва. Аварыя на Фукусіме тлумачыцца “старым праектам 60-х гадоў”, па якім была збудаваная японская станцыя, і адзначаецца, што аварыі немагчымыя, калі будваць АЭС па новых праектах.

“Ядзернае паліва ўяўляе сабой эканамічна-выгадную і экалагічна прывабную крыніцу энэргіі “, - гаворыцца ў лісце.

- Мяне парадвала, што нам хаця б адказалі на зварот, - каментуе ліст Алена Мядзведзева. - Для нас было важна паказаць, што мы супраць будоўлі АЭС. На жаль, мы не можам уплываць на рашэнні ўладаў, але мусілі зрабіць спробу пераканаць, каб на душы стала больш-менш спакойна. Беларусы ўжо “хлябнулі” Чарнобыля, нам ніяк нельга будваць АЭС, правакаваць новыя аварыі, усе гэтыя анкалагічныя хваробы…  Але нас ніхто не слухае.

“Праваабарончая хроніка”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства