viasna on patreon

Павел Сапелка: “Суд аказаўся прыдаткам дзяржавы”

2011 2011-05-18T17:42:11+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sapelka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Павел Сапелка, былы адвакат кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, які быў пазбаўлены ліцэнзіі падчас следства, сочыць за развіццём справы свайго падабароннага, ходам судовага працэсу, вынясеннем прысуду. Зараз ён таксама спрабуе адаптавацца да новай рэчаіснасці, у якой ён апынуўся пасля пазбаўлення права займацца адвакацкай дзейнасцю, асэнсаваць і праааналізаваць усё, што з ім адбылося. Праваабарончы цэнтр “Вясна” папрасіў яго адказаць на нашы пытанні.

 

- Як вы ацэнваеце прысуд Андрэю Саннікаву?

- Любы прысуд, акрамя апраўдаўчага – незаконны. Які тэрмін вызначыў суд, мяне не цікавіць. Хаця, канешне, добра, што не 15 гадоў. Мая пазіцыя з таго часу, калі я быў абаронцам Андрэя Алегавіча, засталася нязменняй -- ён не вінаваты ў прад’яўленых яму абвінавачаннях. Што тычыцца катаванняў, пра якія распавёў Саннікаў, то я з першых дзён утрымання яго ў СІЗА КДБ заяўляў пра гэта. Асабліва дзіўна, што пасля публічнага агучвання суд не прыняў мераў, каб была праведзена пракурорская праверка, якая магла б расставіць усе кропкі над “І”. На мае скаргі, якія  накіроўваліся ў пракуратуру, я атрымліваў адпіскі, а потым, калі напісаў так, што адпіскі было даць немагчыма, адказу не атрымаў і ў хуткім часе быў пазбаўлены ліцэнзіі. Па-мойму, пасля гэтага праца ў гэтым накірунку была скончана.

- Пра што сведчаць тое, што суд не звярнуў увагі на словы Саннікава пра ўжыванне катаванняў?

- Суд у дадзеным выпадку аказаўся прыдаткам дзяржавы. Ён працягнуў выкананне той функцыі, якую спачатку выконваў Камітэт дзяржбяспекі, у чым далей прыняла ўдзел пракуратура.

- Калі вы браліся за справы палітзняволеных, ці прадбачылі такі зыход для сябе?

- Сігналы пра тое, што мне трэба змяніць свае паводзіны, я чуў ужо даўно. І сігналы гэтыя былі дастаткова выразнымі. Але кожны раз я спадзяваўся на тое, што дзяржаўным органам і адвакацкаму самакіраванню хопіць мудрасці для таго, каб прыняць правільнае рашэнне, з разуменнем таго, што кожны, каму патрабуецца прафесійная абарона, павінен яе атрымаць. Са снежня 2010 года, калі я ішоў на працу, то кожную раніцу думаў, ці адвакат я яшчэ сёння. Таму маё выключэнне стала прадказальным фіналам маёй дзейнасці.

- Колькі гадоў вы прапрацавалі адвакатам?

- Упершыню ліцэнзію на здзяйсненне адвакацкай дзейнасці я атрымаў у снежні 1995 года.

- Якой была пазіцыя вашых калег, калі над вамі навісла пагроза пазбаўлення ліцэнзіі?

- Я чуў розныя думкі наконт таго, якія рашэнні трэба прымаць адносна мяне. Мне не шкада было развітвацца з такім інстытутам,  якім стала сённяшняя адвакатура. Калі б гэта было рашэнне адміністрацыйнага органа Міністэрства юстыцыі, я б, безумоўна, абскардзіў яго. Але гэта было рашэнне прэзідыума калегіі адвакатаў. Зараз некаторыя з маіх былых калег апускаюць вочы пры сустрэчах, і гэта гаворыць пра тое, што яны не былі гаспадарамі сваёй думкі, калі яе выказвалі пры прыняцці рашэння. З некаторымі я яшчэ не бачыўся і не хацеў бы сустракацца. Мне гэта нецікава цяпер. Хацеў бы сказаць вялікі дзякуй усім тым, хто ў даволі цяжкі для мяне момант, калі я быў выключаны з калегіі  адвакатаў, падтрымаў мяне на словах і справе, сваімі меркаваннямі, сваімі выказваннямі на форумах у тым ліку. Мне гэта было прыемна. Я там убачыў сапраўдную ацэнку маёй дзейнасці. 

- Як вы ацэньваеце сённяшні стан і перспектыву беларускай адвакатуры?

- На жаль, перспектывы беларускай адвакатуры мне радужнымі не бачацца. Па-першае, працягваецца адміністрацыйнае ўмяшальніцтва ў дзейнасць незалежнага інстытута. Па-другое, абмяркоўваючы закон аб адвакатуры, сама адвакатура прагледзела ўвядзенне таго нарматыўнага акта, які яшчэ больш узмацніў залежнасць ад органаў дзяржаўнага кіравання. Я маю на ўвазе Указ аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці, які дазволіў Міністэрству юстыцыі самастойна прымаць рашэнні аб пазбаўленні  адвакатаў ліцэнзіі. І ўжо на фоне гэтага нарматыўнага акта абмеркаванне дальнейшай будучыні адвакатуры загадзя асуджана на тое, што незалежнага інстытута адвакатуры не будзе ў любым выпадку. Закон аб адвакатуры, на мой погляд, з’явіцца яшчэ не хутка, бо існуе шмат праектаў, але ні адзін з іх не ўлічыў усіх цяжкасцяў і чаканняў адвакацкага корпусу. 

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства