Міліцыя адмаўляе, што затрымлівала Міхаіла Кавалькова
Лідэр Свабоднага прафсаюза Беларускага Міхаіл Кавалькоў напісаў дзве скаргі – у міліцыю і пракуратуру яшчэ 29 сакавіка. Нагадаем, што 25 сакавіка бабруйчаніна затрымалі раніцай і цэлы дзень пратрымалі ў УУС па надуманых прычынах.
На дадзены момант ён мае толькі адзін адказ, з міліцыі. З пракуратуры адказ на скаргу пакуль не прыйшоў, нягледзячы на тое, што тэрмін у месяц даўно выйшаў.
- З міліцыі мне прыйшла стандартная адпіска, - распавядае Міхаіл Кавалькоў. – Для таго, каб у ёй дакладна разабрацца, трэба даведацца, што азначаюць усе гэтыя артыкулы кодэксаў, на якія яны спасылаюцца. Але сутнасць зводзіцца да таго, што яны мяне не затрымлівалі. Адзначу, што ў той час, як я знаходзіўся ў УУС, я нават тэлефанаваў на “гарачую лінію” міліцыі і паведаміў, што мяне беспадстаўна затрымліваюць у аддзяленні. У іх павінна быць зафіксаванае маё тэлефанаванне.
“Праваабарончая хроніка”