Нарвежскі Хельсінскі камітэт і Міжнароднай Хельсінская фэдэрацыя выказваюць пратэст супраць ціску на няўрадавыя арганізацыі ў Беларусі, патрабуюць ад уладаў Беларусі спыніць перасьлед няўрадавых арганізацыяў. Заява супраць наступу на няўрадавыя арганізацыі ў Беларусі прынятая таксама сербскай арганізацыяй "Грамадзянскія ініцыятывы".
22 траўня ў 10-00 ў судзе Гарадзенскай вобласьці распачынаецца працэс
па зыску аб ліквідацыі Гарадзенскага абласнога грамадзкага аб'яднаньня
"Ратуша".
23 траўня ў судзе Гомельскай вобласьці распачынаецца працэс
па зыску аб ліквідацыі Гомельскага абласнога грамадзкага аб'яднаньня
"Грамадзянскія Ініцыятывы".
27 траўня ў Ленінскім раённым судзе
Гародні распачынаецца працэс па абскарджаньні адміністратыўнага
спагнаньня, накладзенага на старшыню "Ратушы" Алеся Мілінкевіча.
Нарвежскі Хельсінскі камітэт і Міжнародная Хельсінская фэдэрацыі прынялі сумесны зварот да прэзідэнта Лукашэнкі.
Міжнародныя праваабарончыя структуры выказваюць пратэст супраць ціску
на няўрадавыя арганізацыі ў Беларусі, патрабуюць ад уладаў Беларусі
спыніць перасьлед няўрадавых арганізацыяў "Ратуша", "Варута",
"Маладзёвы Хрысьціянска-сацыяльны саюз", Грамадзянскія Ініцыятывы",
"Праваабарончы цэнтр "Вясна". Аўтары ліста выказваюць
занепакоенасьць прэзыдэнцкім дэкрэтам №13, які парушае правы чалавека
і пазбаўляе грамадзянаў Беларусі права на абарону ў судох.
Копіі гэтага звароту накіраваныя ў Міністэрства Замежных Справаў
Нарвегіі, прадстаўніцтва АБСЕ ў Беларусі, міністру юстыцыі Беларусі, у
Вярхоўны суд Беларусі, а таксама ва ўпраўленьні юстыцыі і суды тых
абласьцей, дзе адбываюцца працэсы па ліквідацыі грамадзкіх
аб'яднаньняў.
Таксама заяву ў падтрымку грамадзянскай
кампаніі "Наша Салідарнасьць" супраць наступу на няўрадавыя
арганізацыі ў Беларусі прыняла сербская арганізацыя
"Грамадзянскія ініцыятывы".
Інфармацыйны аддзел Выканаўчага бюро Асамблеі НДА Беларусі