Паклёп на незалежных журналістаў пайшоў гуляць па раённых газетах
Як ужо паведамлялася, барысаўская раённая газета «Адзінства» далучылася да «выкрывання ілжывай сутнасці» журналіста Паўла Шарамета. У газеце з'явіліся два артыкулы: «Шеремет - лгун. Штрихи к портрету» і «Поворотись-ка, сынку!» - пра Аляксандра Класкоўскага — беларускага журналіста, і яго сына, які зараз знаходзіцца ў СІЗА як падазроны у масавых беспарадках 19 снежня 2010 года.
Пачалі кампанію дыкрыдытацыі незалежных журналістаў дзяржаўныя рэспубліканскія выданні, у прыватнасці, «Народная газета» і «Рэспубліка». Затым паклёпніцкія матэрыялы пачалі гуляць па раённых выданнях — ад Барысава да Мазыра. Тыя ж артыкулы з такімі ж назвамі з'явіліся і ў мазырскай раённай газеце «Жыццё Палесся», якую ўзначальвае Ларыса Чорная — Выдатнік друку Беларусі (так яна падпісвае свае артыкулы) і дэлегат Трэцяга ўсебеларускага сходу.
Ларыса Чорная — герой матэрыялаў у суполцы беларускіх аматараў гумару, дзе артыкулы выдатніка друку атрымалі сталую прапіску за красамоўныя панегірыкі ў адрас улады, і праклёны — у адрас апазіцыі.
“Праваабарончая хроніка”