У Салігорску забаранілі мітынг у гадавіну Чарнобыльскай трагедыі
Мітынг, прысвечаны 25-м угодкам аварыі на Чарнобыльскай
атамнай станцыі, забаронены салігорскімі ўладамі. У афіцыйным лісце выканкаму
прычынай адмовы пазначана “адсутнасць яснасці ў вызначэнні формы правядзення
масавага мерапрыемства”. Заяўнік акцыі Уладзімір Шыла называе рашэнне выканкаму
чарговай адпіскай:
- Справа ў тым, што заяўку я афармляў на бланку аб правядзенні пікетавання, а ў
мэце мерапрыемства пазначыў як мітынг у колькасці да 100 чалавек. Ды і не ў
гэтым справа. Калі б улады імкнуліся забяспечыць жыхарам гораду іх права на
свабоду масавых мерапрыемстваў, дык гэтыя фармальнасці нават не паўставалі б.
Але ж у іх “то панос, то залатуха”, то рэканструкцыя стадыёна, то адсутнасць
яснасці ў вызначэнні формы. Як гаварыцца жаданне - сто дарог, нежаданне - сто
прычын.
Нагадаем, што на мінулым тыдні салігорскія ўлады забаранілі
правядзенне пікетаў пад лозунгамі “За стабільнасць” і “За нашага Прэзідэнта”, а
таксама пікет супраць забароны пікетаў. У сакавіку быў забаронены шэраг
мерапрыемстваў прысвечаных Дню Волі.
“Праваабарончая хроніка”