Рымашэўскі супраць “нашага прэзідэнта” і “стабільнасці”
Старшыня Салігорскага выканкаму Аляксандр Рымашэўскі забараніў правядзенне пікетаў пад лозунгамі “За стабільнасць” і “За нашага Прэзідэнта”. Таксама быў забаронены пікет супраць забароны пікетаў.
Заяўкі на правядзенне дадзеных пікетаў былі пададзены напрыканцы сакавіка салігорскім дэмакратычным актывістам Уладзімірам Шылам. Мерапрыемствы мусілі адбыцца 14-га, 15-га і 16-га красавіка на стадыёне “Будаўнік”. У адмове з выканкаму сцвярджаецца, што масавыя мерапрыемствы забараняюцца “ў сувязі з правядзеннем працаў па рэканструкцыі стадыёну”. Арганізатар пікетаў Уладзімір Шыла лічыць гэтыя прычыны незаконнымі:
- Гэта проста смешна. Нам забаранілі пікет на Дзень Волі 25 сакавіка, цяпер гэтыя тры пікеты ў розныя дні пад забаронай. Прычына адна і тая ж - рэканструкцыя стадыёна. Але ж чамусьці правядзенню футбольных матчаў “Шахцёра” рэканструкцыя не замінае. Літаральна 10 красавіка адбыўся матч з “Віцебскам”. У любым выпадку нам мусілі прапанаваць іншае месца для пікетаў, а не забараняць іх. Правы грамадзян, закон ды проста здаровы сэнс і сумленне стаяць у нашых уладаў на апошнім месцы.
Акрамя гэтага грамадскі актывіст
выказаў сваю незадаволенасць працай чыноўнікаў з нагоды інфармавання пра прынятае імі
рашэнне:
- Фармальна рашэнне выканкам прыняў сваечасова, але ж
рэальна ліст з адказам я атрымліваю толькі за дзень ці два да мерапрыества і
правесьці інфармацыйную кампанію ў рэгіёне практычна немагчыма.
Закон абавязвае кіраўніцтва выканкаму не пазней чым за пяць дзён да даты правядзення масавага мерапрыемства ў пісьмовай форме паведаміць арганізатарам пра прынятае рашэнне. Аднак Уладзіміра Шыла лічыць, што нічога не замінае ім даць адказ раней ці, прынамсі, дадаткова праінфармаваць пра рашэнні па тэлефоне. Але ж, як сцвярджае актывіст, улады чамусьці гэтага не робяць і нават наўмысна ўхіляюцца ад вусных адказаў пра прынятыя рашэнні.
“Праваабарончая хроніка”