viasna on patreon

Пікет супраць забароны пікетаў запланаваны ў Салігорску

2011 2011-04-01T11:41:11+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zabarona-na-zabaronu.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заяўкі на шэраг пікетаў былі пададзены ў Салігорску дэмакратычным актывістам і прадпрымальнікам Уладзімірам Шылам. Правядзенне усіх пікетаў запланавана ў афіцыйна адведзеным мясцовымі ўладамі для гэта месцы – на стадыёне “Будаўнік”.

Найбольшую цікавасць у дадзеным выпадку выклікаюць заяўленыя мэты мерапрыемстваў. Так, на 14-е красавіка пададзена заяўка на правядзенне акцыі пад лозунгам “За стабільнасць”. 15-га красавіка запланаваны пікет “За нашага Прэзідэнта”. А ў заяўцы на 16-га значыцца пікет з лозунгам “НЕ - забароне пікетаў!”

- Справа ў тым, што ў абсалютнай большасці выпадкаў мясцовы выканкам забараняе нам правядзенне любых масавых мерапрыемстваў. Уласна кажучы, і зараз мы не адчуваем асаблівых ілюзій, што да дазволу адносна запланаваных намі акцый. Тым не менш, вельмі цікава пабачыць, як мясцовыя ўлады забароняць пікет “За стабільнасць” і выступяць супраць “нашага Прэзідэнта”. Гэта ўжо будзе патыхаць дзяржаўным сабатажам. А забарона пікета супраць забароны пікетаў можа стаць увогуле апагеем абсурднасці, - каментуе сітуацыю сам Уладзімір Шыла. - Калі ж здарыцца цуд і пікеты дазволяць, дык мы з вялікім задавальненнем выкажымся адносна стабільнасці ў нашай краіне і скажам, якім мы бачым свайго прэзідэнта.

Варта адзначыць, што сярод заявак на масавыя мерапрымествы ёсць і адна больш традыцыйная. На 26 красавіка на тым жа салігорскім стадыёне “Будаўнік” запланаваны мітынг, прысвечаны 25-м угодкам аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі, на які арганізатары плануюць сабраць да 100 чалавек.

“Праваабарончая хроніка”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства