viasna on patreon

За пародыю ў сацыяльнай сетцы – крымінальная справа?

2011 2011-03-31T16:25:34+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/cenzura_u_internet.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Жыхар горада Ліда Яўген Куцко з блогера і пачынаючага пісьменніка раптоўна ператварыўся ў падазраванага па крымінальнай справе. Малады чалавек падазраецца ў публічным паклёпе. Абвінавачанне на дадзены момант не прад’яўленае.

 14 снежня мінулага года, за 5 дзён да асноўнага дня прэзідэнцкіх выбараў, Яўген размясціў на сваёй асабістай старонцы сацыяльнай сеткі “Вконтакте” апавяданне “Клопат пра чалавека – прыярытэт у маёй працы”, што ўяўляла сабой пародыю на перадавы артыкул “Лідскай газеты” –  мясцовага дзяржаўнага выдання г. Ліды. Аўтар апісвае адзін дзень з жыцця кіраўніка мясцовага райвыканкама, і гэты дзень пачынаецца з закліку да жыхароў прагаласаваць датэрмінова. Далей кіраўнік, паводле сюжэту твора, наведвае розныя прадпрыемствы і паселішчы, сустракаецца з людзьмі, вырашае розныя праблемы – і так да  позняга вечара... Падзеі выкладзены з элементамі іроніі і абсурду, сэнсавыя акцэнты растаўленыя з дапамогай заглаўных літар і мноства клічнікаў. Адным словам, тыповы стыль моладзевых інтэрнэт-постаў.

Па словах Яўгена, змяшчаючы апавяданне на сваёй старонцы “Вконтакте”, ён не ведаў, што да яе можа мець доступ нехта старонні. Хлопец быў упэўнены, што прачытатць сцёбны твор зможа толькі кола ягоных сяброў – закрытай групы карыстальнікаў. Таму назваў галоўнага (і адзінага) героя “Клопата пра чалавека...” сапраўдным імем рэальнага чалавека. І чалавек гэты займаў такую ж пасаду – старшыні райвыканкаму. Твор сканчаўся лозунгам “Худык выратуе СВЕТ!!!!!!” Старонку, на якой было змешчана апавяданне, Яўген Куцко вёў пад псеўданімам. Такая з’ява ў інтэрнэце ва ўсім свеце – не рэдкасць. 

Праз некалькі месяцаў экс-старшыня Лідскага райвыканкаму Андрэй Худык знайшоў сваё імя ў інтэрнэце. За гэты час ён пайшоў на падвышэнне і ўжо працаваў намеснікам старшыні Гродзенскага аблвыканкаму. Як паведаміла “Гродненская правда”, намеснік старшыні праглядаў інфармацыю пра сябе і “знайшоў ілжывыя факты”.

Андрэй Худык палічыў аповяд у інтэрнэце ананімным паклёпам на сябе і, згодна з паведамленнямі ў прэсе, сам вылічыў аўтара. “На здзіўленне, бруд на паважанага чалавека ліў... работнік дзяржустановы – адзін з супрацоўнікаў аддзела статыстыкі”, -- піша “Гродненская правда”. З працы Яўгена звольнілі. Былы мясцовы кіраўнік запатрабаваў прылюдных перапрашэнняў (па словах Яўгена Куцко, на тым самым рэсурсе і дзе-небудзь яшчэ).  

“У хлопца быў добры шанец на прабачэнне”, -- піша абласная газета. Яна дадае, што “брудны пасквіль” аўтар прыбраў, але выбачыўся не там, дзе трэба, а “на менш наведвальным Лідскім форуме”. Сам Яўген дапускае, што Андрэй Паўлавіч Худык яго прабачэнне мог проста не знайсці. У сваіх прабачэннях ён піша, што не меў на мэце абразіць чыноўніка і хацеў проста захаваць на закрытай для наведнікаў старонцы свой мастацкі твор. “...Я своечасова не быў апавешчаны пра той факт, што з 1 студзеня 2011 года, у сувязі са зменамі дзяржаўнага кантролю за Інтэрнэтам, нават закрытыя нататкі (адна з якіх уяўляла сабой тое апавяданне з Вашым фотаздымкам) на старонках карыстальнікаў сацсеткі vkontakte.ru, можна знайсці ў пошукавых сістэмах (па ключавых словах і назвах) і прагледзець любому карыстальніку, у т.л. незарэгістраванаму на дадзеным сайце”. Яўген дадае, што раней такі прагляд з улікам абмежавання настроек унутры сеткі магчымы не быў.

Як бы там ні было, праз месяц пасля абнародавання прабачэнняў чыноўнік напісаў заяву ў пракуратуру і была ўзбуджана крымінальная справа. Калі абвінавачванне будзе прад’яўленае, а віна даказаная судом, то паводле часткі 2 артыкула 188 Крымінальнага кодэксу РБ за парадыйнае апавяданне аўтару пагражае штраф, альбо папраўчыя работы тэрмінам да 2 гадоў, альбо арышт тэрмінам да 6 месяцаў, альбо абмежаванне волі да 3 гадоў.     

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства