viasna on patreon

Праваабарончы цэнтр "Вясна" пратэстуе супраць таго, што крымінальны перасьлед у сёньняшняй Беларусі выкарыстоўваецца рэжымам Аляксандра Лукашэнкі як сродак барацьбы з палітычнымі апанентамі і іншадумцамі.

2006 2006-04-18T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна"

Мінск, 18 красавіка 2006 г.

Заява

Праваабарончы цэнтр "Вясна" пратэстуе супраць таго, што крымінальны перасьлед у сёньняшняй Беларусі выкарыстоўваецца рэжымам Аляксандра Лукашэнкі як сродак барацьбы з палітычнымі апанентамі і іншадумцамі. Мы вымушаныя канстатаваць, што Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь стаў інструментам для ажыцьцяўлення палітычных рэпрэсіяў у краіне.

На дадзены момант у турмах Беларусі па палітычных матывах пад вартай знаходзяцца дзесяць чалавек, каля дзвух дзесяткаў чалавек праходзяць у якасьці падазраваных і абвінавачваных па крымінальных справах, узбуджаных падчас і пасьля кампаніі па выбарах Прэзідэнта. Сярод арыштаваных -- кандыдат у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Аляксандр Казулін, актывіст перадвыбарчага штабу А. Казуліна Юры Радзівіл, актывісты перадвыбарчага штабу А. Мілінкевіча Сяргей Ляшкевіч і Мікалай Разумаў, актывісты грамадзянскай ініцыятывы "Партнёрства" Аляксандр Шалайка, Цімафей Дранчук, Эніра Браніцкая і Мікалай Астрэйка, актывіст арганізацыі "Зубр" Мікіта Сасім, моладзевы актывіст Артур Фінькевіч.

Асаблівую занепакоенасьць Праваабарончага цэнтру "Вясна" выклікае лёс моладзевага актывіста Артура Фінькевіча, які з 30 студзеня 2006 году знаходзіцца пад вартай у СІЗА г. Мінска. А. Фінькевіч быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі за напісаньне палітычных графіці ў г. Мінску. Ён абвінавачваецца адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь - ч.2 арт. 339 (злоснае хуліганства) і ч.3 арт. 218 (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасьці). Па апошнім артыкуле Артуру пагражае пазбаўленне волі ад 7 да 12 гадоў, прычым па дадзеным артыкуле вынясенне прысуду з адтэрміноўкай выкананання не прадугледжваецца. Матэрыялы крымінальнай справы ўжо перададзеныя ў суд, які павінен адбыцца на працягу наступнага месяца. Мы лічым арышт Артура Фінькевіча палітычна матываваным, звязаным з ягонай актыўнай грамадска-палітычнай дзейнасьцю.

Улічваючы сурьёзнасць абвінавачванняў у адрас актывістаў грамадска-палітычных і моладзевых рухаў, Праваабарончы цэнтр "Вясна" заклікае:

грамадзянаў Беларусі -- праявіць салідарнасьць з палітычнымі вязнямі;

прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый і палітычных партыяў Беларусі --- выкарыстаць усе магчымыя механізмы, скіраваныя на прадухіленне асуджэння беларускіх грамадзянаў па палітычных абвінавачаннях;

прадстаўнікоў міжнароднай супольнасці - выкарыстаць усе магчымыя механізмы з мэтай аказаньня міжнароднага ціску на беларускі рэжым дзеля прадухілення палітычнай расправы над апанентамі рэжыму ў Беларусі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства