Слухайце штотыднёвую праваабарончую праграму “Людзьмі звацца!” на хвалях Радыё Рацыі
Кожны аўторак у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Радыё Рацыя” - праграма “Людзьмі звацца!”, якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека на Беларусі.
Праграма складаецца з наступных рубрык: “Хроніка пераследу”, "Падзея тыдня", “Асоба. Дзяржава. Грамадства” і “Рэха Плошчы”.
Час выхаду праграмы ў эфір – 15-05. Таксама ў гэты час яе можна слухаць праз інтэрнэт на сайце www.racyja.com.
Сёння, 22 сакавіка, у чарговым выпуску праграмы “Людзьмі звацца!” для слухачоў падрыхтавана “Хроніка пераследу” - агляд парушэнняў правоў чалавека, у якім прадстаўлены найбольш гучныя факты пераследу за мінулы тыдзень.
У рубрыцы “Падзея тыдня” – расправа і выдаленне з краіны расійскага праваабаронцы Андрэя Юрава. У Беларусі ён знаходзіўся як кіраўнік Міжнароднай назіральнай місіі Камітэта Міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека, што быў створаны ў сувязі з пагаршэннем сітуацыі пасля снежаньскіх падзеяў.
Сённяшні госць рубрыкі “Асоба. Дзяржава. Грамадства” – пісьменніца, журналістка Паліна Качаткова. Яна разважае пра ролю жанчыны ў беларускім грамадстве і невыкараненыя дагэтуль факты дыскрымінацыі ў дачыненьні да слабага-сільнага полу.
Рубрыка “Рэха Плошчы” працягвае знаёміць вас з крымінальным пераследам у дачыненьні да экс-кандыдадатаў у прэзідэнты і ўдзельнікаў акцыі пратэсту ў Менску на плошчы Незалежнасьці 19 снежня.
Музычныя паўзы на гэты раз аздобленыя каларытнымі кампазіцыямі гурта “Стары Ольса”.
Радыё Рацыя – першае незалежнае інфармацыйна-забаўляльнае FM-радыё ў Польшчы на беларускай мове. Галоўнай мэтай Беларускага Радыё Рацыя з’яўляецца стварэнне грамадзянам Беларусі доступу да незалежнай інфармацыі аб падзеях і развіцці сітуацыі ў Беларусі, Польшчы, Еўропе ды свеце.