viasna on patreon

Пачаўся судовы працэс па справе Мікіты Ліхавіда (дадаецца)

2011 2011-03-22T17:27:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/lihavid-sud1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Партызанскім судзе Мінска на працэсе над Мікітам Ліхавідам дапытваюць пацярпелых супрацоўнікаў МУС. Адзін з іх, супрацоўнік палка міліцыі спецпрызначэння Караваеў, кажа, што людзей на плошчы Незалежнасці разагнала войска, і ён не ведае, чаму гэта было зроблена - людзі толькі размаўлялі, гвалту не чынілі. Некаторыя паказанні выклікаюць смех іншых пацярпелых і заўвагі суддзі ў іх адрас. 

У Партызанскім судзе абвешчаны перапынак да 10 гадзін раніцы 23 сакавіка.

Мікіту Ліхавіда пацярпелы не бачыў.

***

Мікіта Ліхавід распавёў, што трапіў паміж натоўпам людзей і Домам урада і, паддаўшыся настрою, некалькі разоў нанёс удары па драўлянай агароджы. Гвалтоўныя дзеянні ў адносінах да міліцыі адмаўляе. Кажа, што разам з іншымі людзьмі вярнуў аднаму спецназаўцу згублены ім шчыт. Сам жа ў выніку некалькіх удараў у спіну быў збіты з ног. Потым яго збілі падчас затрымання па шляху да аўтазака. 

***

Мікіта Ліхавід у сваіх паказаннях у судзе сказаў, што не бачыў падчас акцыі 19 снежня п’яных і агрэсіўных людзей, а з прадстаўнікоў міліцыі бачыў толькі супрацоўнікаў ДАІ. Як паведамляе “Наша Ніва”, ён расказаў, што на Кастрычніцкую плошчу 19 снежня прыехаў у 19.50. Аб правядзенні акцыі даведаўся са СМІ і ад знаёмых. Ён паведаміў, што вырашыў паехаць на акцыю пасля таго, як даведаўся, што туды збіраецца яго сяброўка, з якой нядаўна пасварыўся. М.Ліхавід таксама паведаміў, што непакоіўся за яе і гэта было адной з тых прычын, якія прывялі яго на Плошчу. Аднак там яму яе знайсці не ўдалося. Імя дзяўчыны Мікіта паведамляць пракурору адмовіўся, каб не прычыніць ёй шкоды, бо ўдзельнікі Плошчы, як правіла, маюць праблемы на вучобе і працы.

***

А 10-й гадзіне ў судзе Партызанскага раёну Мінска пачаўся працэс па крымінальнай справе 20-гадовага актывіста Руху "За свабоду" Мікіты Ліхавіда, які абвінавачваецца па арт. 293 КК РБ  -- "Масавыя беспарадкі". Працэс над Мікітам Ліхавідам вядзе суддзя Наталля Пыкіна. Абарону ажыццяўляе адвакат Дар'я Ліпкіна. Частка правабаронцаў у залю прайсці не змагла. Прысутнічае 29 пацярпелых міліцыянтаў. Яшчэ 2 пацярпелых на суд не з'явіліся.

Пракурор у сваім выступе вінаваціць Мікіту Ліхавіда ў тым, што той ламаў дзверы Дома ўраду і аказваў міліцыі ўзброены супраціў.

Адвакат просіць суд спыніць справу, абгрунтоўвае гэта тым, што сам факт масавых беспарадкаў у Мінску 19 снежня не даказаны. Яна хадайнічала таксама пра змену меры стрымання свайму падабароннаму, але суд яго не задаволіў.

З-за шматлікасці жадаючых прысутнічаць на працэсе ў судовую залю не змаглі патрапіць многія праваабаронцы і журналісты. У прыватнасці, не ўдалося патрапіць на працэс юрысту ПЦ "Вясна" Валянціну Стэфановічу, якога адпіхнулі ад дзвярэй и абвесцили, што няма месцаў. Тым ня менш, за ходам суда назіраюць супрацоўнікі АБСЕ і прадстаўнікі некаторых дыпламатычных місій.

Аднак у залю змаглі прайсці больш за два дзясяткі пацярпелых, усе яны супрацоўнікі сілавых ведамстваў. Пры падліку журналістамі ў зале пацярпелых аказалася 29 чалавек. 14 з іх сведчылі як пацярпелыя на працэсе расіян Брэуса і Гапонава, яшчэ 15 далучаныя рашэннем суддзі. Усяго пацярпелых 31 - двое на працэс не з'явіліся. Усе міліцыянты прызнаныя пацярпелымі праз некалькі месяцаў пасля падзей 19 снежня -- пачынаючы з другой паловы лютага 2011 г.

Нагадаем,  актывіст Руху “За свабоду” Мікіта Ліхавід быў затрыманы 19 снежня на плошчы Незалежнаці і асуджаны на 15-сутачны арышт. Аднак 23 студзеня пастанова аб арышце была адменена, і Мікіта быў пераведзены ў статус абвінавачанага па справе аб масавых беспарадках. З Жодзінскага СІЗА яго перавялі ў мінскую "Валадарку".

Па словах маці Мікіты Ліхавіда, за дзень да суда яго перавялі ў камеру да людзей, якія абвінавачваюцца ў цяжкіх злачынствах. Жанчына лічыць гэты перавод адным з метадаў ціску на яе сына.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства