Палажанку выклікалі на допыт у КДБ
Настассю Палажанку тэрмінова выклікалі на допыт у КДБ. Абвінавачаная па справе 19 снежня не выключае магчымасці паўторнага арышту ў сувязі з актыўнай дзейнасцю сябраў Маладога фронту па вызваленні сваіх паплечнікаў.
Па словах Палажанкі увесь тыдзень супрацоўнікі КДБ дапытвалі рэгіянальных актывістаў арганізацыі, цяпер прыйшла і яе чарга, хоць пра паўтарэнне гісторыі з Алесем Міхалевічам, па словах дзяўчыны, яна стараецца не думаць.
- Нічога не ведаю, я зараз буду уваходзіць у бюро прапускоў КДБ, ні аб чым мяне не папярэджвалі, проста пазванілі і сказалі прыйсці. Не, я не думаю, што можа паўтарыцца гісторыя з Міхалевічам. Мяне першы раз за месяц выклікаюць, таму з другога боку допыт можа быць і цалкам лагічным. Увесь час выклікалі маладафронтаўцаў, цяпер мая чарга.
Нечаканы выклік у КДБ, па словах Палажанкі, можа быць звязаны і з Днём беларускай салідарнасці, які адзначаецца 16 чысла – кожны месяц у гэты дзень актывісты праводзяць акцыі з партрэтамі арыштаваных. Разам з абвінавачанай на допыт, які ў гэтыя хвіліны ўжо пачаўся, накіравалася і яе адвакат. 17 лютага намесніца старшыні Маладога фронту пасля двух месяцаў знаходжання ў турме КДБ была нечакана вызвалена пад падпіску аб нявыездзе. Напярэдадні гэтага ў яе абарону следству было перададзена некалькі соцень паручальніцтваў.