viasna on patreon

Таццяне Севярынец трэці раз адмовілі ў сустрэчы са зняволеным сынам

2011 2011-03-15T13:13:15+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/seviarynec_taciana.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Таццяна Севярынец

Таццяна Севярынец

Маці палітыка Паўла Севярынца, якога ўтрымліваюць у СІЗА КДБ пасля падзеяў 19 снежня, атрымала ад следчага па справе сына адмову на сустрэчу і адмову на сустрэчу Паўла са святаром. На думку Тацяны Севярынец, следчы парушае дамову паміж праваслаўнай царквой і кіраўніцтвам МУС аб наведванні вязняў.

Два апошнія лісты  ад следчага Санько Тацяна Севярынец атрымала 14 сакавіка. Адзін з лістоў – гэта адмова на сустрэчу Паўла Севярынца са святаром, а  другі – адмова на сустрэчу з маці, ужо трэцяя па ліку за час яго зняволення.

 Прычына адмовы на сустрэчу з маці ранейшая: у лісце напісана, сустрэчы з роднымі могуць дазваляцца, але гэта залежыць ад рашэньня следчых па справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня.

-- Следчы ўжо трэці раз піша мне, што лічыць маю сустрэчу з Паўлам  немэтазгоднай, -- кажа Тацяна Севярынец.—Апошні раз, у першых лічбах сакавіка, я пісала заяву на сустрэчу проста ў кабінеце кіраўніка следчай групы Анатоля Сукалы.Спачатку спадар Сукала ўвогуле адмаўляўся са мной размаўляць, але я сказала, што хачу пачуць ад яго не адмову, а канкрэтныя тлумачэнні, па якой прычыне сустрэчы  забараняюць. І пасля двухгадзіннай размовы спадар Сукала ўжо абяцаў “падумаць” наконт дазволу. Аднак потым у кабінет зайшоў начальнік следчага камітэту спадар Казакевіч, і, даведаўшыся, хто я такая, катэгарычна  заявіў, што сустрэчы з Паўлам у мяне не будзе.

Абурэнне Тацяны Севярынец, праваслаўнай верніцы, выклікала і адмова на сустрэчу зяволенага палітыка са святаром. Яна кажа, што Павел заўжды спавядаўся  напярэдадні вялікага праваслаўнага посту, але цяпер яму не далі такой магчымасці:

-- Пост ужо пачаўся. Але, як высветлілася, візіт святара ў СІЗА КДБ увогуле практычна немагчымы. Следчы Санько даслаў ліст, дзе гаворыцца, што сустрэча са святаром “не ў ягонай кампетэнцыі”. Гэта супярэчыць таму, што казаў мне айцец Васілій з мінскай царквы Аляксандра Неўскага– ён займаецца менавіта сустрэчамі з вязнямі. Айцец Васілій патлумачыў мне працэдуру, як і куды звяртацца наконт візіту святара. Я зрабіла ўсё як ён сказаў, але станоўчага выніку няма. Я буду раіцца наконт гэтага пытання і далей – каб хаця б святар адведаў Паўла, бо апошняя сустрэча з адвакатам, ужо звольненым Паўлам Сапелкам, была два з паловай месяцы таму, 29 снежня мінулага году.

Маці зняволенага палітыка распавяла, што ў апошнім лісце Павел Севярынец просіць яе не пакідаць без вырашэння праблему сустрэчаў зняволеных са святарамі. Бо “на паперы” гэткая магчымасць прадугледжана, а на справе – не. Тым часам як у многіх вязняў ёсць надзённая патрэба звярнуцца па параду да духоўнай асобы.

"Праваабарончая хроніка"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства