viasna on patreon

Аналітычная агляд судовага працэсу па крымінальнай справе грамадзянаў Расійскай Федэрацыі Арцёма Брэуса і Івана Гапонава. Заключны дзень

2011 2011-03-11T18:53:21+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/breusgaponauvyzvaliennie.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

10 сакавіка 2011 г. у судзе Маскоўскага раёна г. Мінска пасля абвешчанага перапынку для азнаямлення з перапрад’яўленым пракуратурай абвінавачваннем прайшоў судовы працэс па справе грамадзянаў Расійскай Федэрацыі Арцёма Брэуса і Івана Гапонава.

Справу разглядала суддзя Любой Сямахіна. Дзяржаўнае абвінавачванне падтрымліваў прадстаўнік пракурутуры Сяргей Кунас. Абарону абвінавачаных ажыцяўлялі адвакаты Мінскай гарадской калегіі адвакатаў Алена Казак і Людміла Сяргеева.

Суддзя пералічыла прозвішчы пацярпелых - Булавацкага, Скарахода, Кудраўцова, Кашталана, Божка, Волкава, Зянкевіча, Давыдовіча, Комара, Сапача, Палавінкіна, Лавіцкага, Масальскага, Філіпенкі, Каравая - і вырашыла пытанне пра прызнанне іх пацярпелымі і пра іх допыт у судовым працэсе.

Адвакаты выказаліся супраць прызнання названых асобаў пацярпелымі і іх допыту ў судзе. Паводле абаронцаў, гэтыя людзі не маюць да справы ніякага дачынення, паколькі былі прызнаныя пацярпелымі 17-18 лютага 2011 г., калі матэрыялы крымінальнай справы Гапонава і Брэуса ўжо былі перададзеныя ў суд і следства па іх было завершана.

Суддзя пастанавіла прызнаць названых асобаў пацярпелымі і дапытаць іх у працэсе.

Пракурор распачаў допыт абвінавачаных па наноў прад’яўленым абвінавачванні.

Іван Гапонаў і Арцём Брэус сваёй віны не прызналі. У сваіх паказаннях паўтарылі паказанні, якія яны давалі падчас папярэдняга судовага працэсу 22 лютага 2011 г. Згодна з гэтымі паказаннямі, абодва прызналі, што знаходзіліся на пл. Незалежнасці 19 снежня 2010 г. з-за цікаўнасці да падзеяў і умысла на ўдзел у масавых беспарадках не мелі, ніякіх актыўных, гвалтоўных дзеянняў не здзяйснялі, маёмасць не знішчалі.

Пасля допыту Брэуса і Гапонава пачаўся допыт пацярпелых. Усе 15 пацярпелых з’яўляюцца супрацоўнікамі ПМСП ГУУС Мінгарвыканкама. Прызнаныя пацярпелымі паводле пастановаў следства аб прызнанні пацярпелымі 17-18 лютага 2011 г. У дачыненні да ўсіх была праведзеная судова-медыцынская экспертыза, згодна з якой пацярпелыя атрымалі пашкоджанні рознай ступені цяжкасці: ад лёгкіх пашкоджанняў, не пацягнуўшых кароткатэрміновага растройства здароўя, да пабояў і “адчування фізічнага болю”. У сваіх паказаннях пацярпелыя апісвалі дзеянні дэманстрантаў як “агрэсіўныя”, якія суправаджаліся нанясеннем удараў рукамі і нагамі па шчытах і шлемах. Некаторыя пацярпелыя паказалі суду, што былі выпіхнутыя дэманстрантамі з ланцугу міліцыі, з іх намагаліся сарваць ці зрывалі шлемы, наносілі ўдары нагамі, рукамі і палкамі па целе і галаве. Двое пацярпелых распавялі, што адзін з дэмантсрантаў абліў іх струменем з парашковага вогнетушыльніка, ад чаго адзін атрымаў апёкі дыхальных пуцёў. У той жа час вялікая група пацярпелых у сваіх паказаннях указала на тое, што не бачыла ў руках у дэманстрантаў ніякіх прадметаў. Пацярпелы Палавінкін, які нёс службу па ахове грамадскага парадку ў грамадзянскай вопратцы і перамяшчаўся па ўсёй тэрыторыі пл. Незалежнасці, суду паказаў, што большасць дэманстрантаў якія былі на плошчы, паводзілі сябе спакойна. Людзі стаялі групамі і нешта абмяркоўвалі, у руках трымалі транспаранты і сцягі. Іншых прадметаў (прутоў, палак і інш.) у руках у дэманстрантаў ён не бачыў. Звяртае на сябе ўвагу, што некаторыя фразы ў пратаколах допытаў пацярпелых гучаць абсалютна ідэнтычна. Допыты адбываліся 17-18 лютага 2011 г., у гэты час праводзілася і судова-медыцынская экспертыза пацярпелых - г.зн. праз два месяцы пасля падзеяў. Усе 15 пацярпелых на пытанне адвакатаў, ці бачылі яны абвінавачаных падчас падзеяў 19 снежня, адказалі, што бачаць Брэуса і Гапонава ўпершыню. Пацярпелыя на пытанне абаронцаў, ці лічаць яны сябе пацярпелымі ад дзеянняў абвінавачаных, адказалі, што такімі сябе не лічаць.

Пасля азнаямлення з пісьмовымі матэрыяламі справы суддзя заявіла аб заканчэнні судовага следства і пачатку судовых спрэчак.

Першым выступіў прадстаўнік дзяржаўнага абвінавачвання С. Кунас. У сваім выступе ён заявіў, што віна І. Гапонава і А. Брэуса у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 293 КК Рэспублікі Беларусь цалкам даказаная. Аднак ён палічыў магчымым выкарыстаць арт. 70 КК Рэспублікі Беларусь – “прызначэнне больш мяккага пакарання, чым прадугледжана за дадзенае злачынства”. Паводле дзяржаўнага абвінавачвання, у дадзеным выпадку як выключныя абставіны можна расцэньваць факт таго, што абвінавачаныя з’яўляюцца раней несудзімымі, маладымі па ўзросце, у выніку іх дзеянняў не было цяжкіх наступстваў, матэрыяльная шкода, нанесеная злачынствам, пагашана ў поўным аб’ёме.

Прадстаўнікі абароны Алена Казак і Людміла Сяргеева ў сваіх выступах прасілі цалкам апраўдаць І. Гапонава і А. Брэуса ў сувязі з адстунасцю ў іх дзеяннях складу крымінальнага злачынства. Паводле іх меркавання, падзеі 19 нежня 2011г. нельга кваліфікаваць як масавыя беспарадкі, паколькі яны не ўтрымлівалі неабходных для масавых беспарадкаў складнікаў - пагромаў, падпалаў, знішчэння маёмасці, узброенага супраціву супрацоўнікам міліцыі. Акрамя таго, па меркаванні абароны, не было даказана ў судзе і ўдзелу Гапонава і Брэуса ў масавых беспрадках. Згодна з ч. 2 арт. 2993 КК, удзел у масавых беспарадках мусіць суправаджацца непасрэдным здзяйсненнем абвінавачаным канкрэтных дзеянняў - падпалаў, пагромаў, гвалту над асобай, знішчэннем маёмасці, узброенага супраціву супрацоўнікам міліцыі.

Згодна з вынесеным прысудам Іван Гапонаў і Арцём Брэус прызнаныя вінаватымі ў здзяйсненні злачынства па ч. 2 арт. 293 КК Рэспублікі Беларусь і з выкарыстаннем арт. 70 КК Рэспублікі Беларусь прыгавораныя да штрафа ў памеры 300 базавых велічынь. Мера стрымання з утрымання пад вартай ім заменена на падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах. Асуджаныя вызваленыя з-пад варты ў залі суда. Вытворчасць па заяўленым грамадзянскім іску спынена, паколькі ісцец адклікаў іскавыя патрабаванні ў сувязі з пагашэннем матэрыяльнай шкоды ў поўным аб’ёме.

 

Высновы Праваабарончага цэнтру “Вясна”

 На падставе праведзенага маніторынгу судовага працэсу па абвінавачванні І. Гапонава і А. Брэуса Праваабарончы цэнтр “Вясна” прыйшоў да наступных высноваў:

  1. У судзе не было прадстаўлена доказаў таго, што падзеі 19 снежня 2010 г. на пл. Незалежнасці ўяўлі сабой масавыя беспарадкі, якія, згодгна з арт. 293 КК Рэспублікі Беларусь, неадменна павінны суправаджацца гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці, узброеным супрацівам прадстаўнікам улады.
  2. У судзе не было прадстаўлена доказаў таго, што І. Гапонаў і А. Брэус прымалі ўдзел у масавых беспарадках. Згодна з ч.2 арт. 293 КК Рэспублікі Беларусь, удзел у масавых беспарадках  павінен выяўляцца ў непасрэдным здзяйсненні гвалту над асобай, пагромах, падпалах, знішчэнні маёмасці, узброеным супраціве прадстаўнікам улады.
  3. Прадстаўленая суду доказная база сведчыць толькі аб непасрэднай прысутнасці І. Гапонава і А. Брэуса ў групе дэманстрантаў на пл. Незалежнасці ў раёне цэнтральнага ўваходу ў Дом Ураду, што ніякім чынам не ўтварае складу крымінальнага злачынства ў іх дзеяннях.
  4. Пры дадзеных абставінах Праваабарончы цэнтр “Вясна” лічыць, што вынесены прысуд з’яўляецца незаконным і падлягаючым адмене ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства ў дзеяннях І. Гапонава і А. Брэуса.
  5. Праваабарончы цэнтр “Вясна” настойвае на поўным апраўданні асуджаных І. Гапонава і А. Брэуса.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства