Магілёўскі аблсуд пакінуў у сіле прысуды за пікет салідарнасці
Як паведаміў юрыст Барыс Бухель, папярэднія рашэнні суда Ленінскага раёна Магілёва вышэйшая інстанцыя пакінула ў сіле. Раней, 8 лютага, Валянцін Лабачоў быў пакараны 7 суткамі адміністратыўнага арышту, Сяргей Нягацін атрымаў 5 сутак, шматдзетная маці Наталля Шкадун была папярэджана судом.
Пратаколы на ўсіх трох былі складзены пасля пікету салідарнасці, які прастаяў 16 студзеня ўсяго 10 хвілін.
Па словах Барыса Бухеля, сама форма пакарання па дадзенай справе і нават сам факт яе ўзнікнення стаўся свайго роду прэцэдэнтам. Так, 16 студзеня падчас правядзення актывістамі пікету прадстаўнікі міліцыі, што прысутнічалі на месцы падзеяў, не патрабавалі ад удзельнікаў пікету разысціся. Паназіраўшы за акцыяй, яны неўзабаве моўчкі сышлі, а раз не прагучала ніякіх прэтэнзіяў, то відавочна, што міліцыя нічтга падазронага ўгледзела. Прадстаўнікі правахоўных структур толькі зрабілі фотаздымкі пікету. І пазней, калі яго ўдзельнікаў знайшлі і прыцягнулі да адказнасці, сведкі-міліцыянеры ў судзе сцвярджалі, што пікетоўшчыкі грамадскага парадку не парушалі.
“На нашу думку, магілёўская міліцыя скарыстала супраць удзельнікаў гэтай акцыі новую тактыку. Яна не папрасіла іх разысціся, як тое бывала раней, а сфатаграфавала і сышла. Непадпарадкавання міліцыі не было, бо з яе боку не было ніякіх патрабаванняЎ”, -- кажа Барыс Бухель. “Такім чынам можна скласці пратакол і абвінаваціць у парушэнні любога чалавека, хоць ён нават стаіць з чыімсці партрэтам на аўтобусным прыпынку”, -- дадае правабаронца. Сённяшняе рашэнне абласнога суда будзе абскарджана.
10 сакавіка ў Магілёўскі абласны суд пададзена яшчэ і чацвёртая скарга ад удзельніка пікета салідарнасці 16 студзеня – студэнта гістфака Магілёўскага дзяржуніверсітэта Максіма Анцыповіча. Максіма “вылічылі” пазней за астатніх і асудзілі толькі 3-га сакавіка (пакараны штрафам у 15 базавых велічыняў – 525 тысяч рублёў). Паводле дзеючага заканадаўства, суд разглядзіць скаргу на працягу месяца.