viasna on patreon

Прысуд Дзмітрыю Мядзведзю – 3 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу

2011 2011-03-10T10:10:05+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudmaskouski.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Суд Маскоўскага раёна Мінска.

Суд Маскоўскага раёна Мінска.

У судзе Маскоўскага раёну пачынаецца суд над прадпрымальнікам Дзьмітрыем Мядзьведзем.Судзьдзя - Алена Рудніцкая, адвакат - Сяргей Лепеш, прадстаўнік абвінавачваньня спадар Мазоўка.
Мядзьведзя вінавацяць у збройным супраціве і гвалтоўных дзеяньнях супраць некалькіх міліцыянтаў. Нібыта ён імкнуўся прарваць ачапленьне, наносіў удары нагамі. Пры гэтым Мядзьведзь нібыта карыстаўся мэталічнымі прутамі, бутэлькамі.

10-10. На першых радах сядзяць пацярпелыя - 6 супрацоўнікаў АМАПу. Суд пачаўся.

10-15. Суд вырашае аб прызнанні пацярпелых. Усе пагадзіліся прызнаць пацярпелымі спецназаўцаў. Суд прызнаў іх пацярпелымі. Далей выступае пракурор Мазоўка. Суддзя Алена Рудніцкая  дапытвае Дзмітрыя Мядзведзя. Ён не прызнае сваёй віны.

10-25. Паказаньні Мядьведзя:

У 22-00 я сустрэўся са знаёмым на вакзале па справах бізнесу. Сын гуляў у Серабранцы з сябрамі, я планаваў сустрэцца з ім каля прыпынку на плошчы Незалежнасці і паехаць дахаты.

Мы сустрэліся.Я пабачыў на плошчы шмат людзей. Сын захацеў паглядзець, што там робіцца і адшукаць у натоўпе сваіх сяброў. Я настойваў на тым, каб адправіцца дамоў. Затым я пагадзіўся разам з ім падйсці да помніка Леніна і забраць сынавых сяброў.

Я заўважыў, што шкло ў дзвярах было пабітае, але людзей побач не бачыў. Затым з’явіліся міліцыянты са шчытамі. Пачалася патасоўка. Нейкі злопец упаў, тады я паспрабаваў дапамагчы яму падняцца. У гэты час натоўп пайшоў проста па мне.

Пачуліся ўдары. Я закрываўся рукамі, але ўсё роўна атрымаў па галаве. Сыйсці адтуль я не мог, паколькі было шмат людзей. Я ўпаў.

10-30.Задае пытаньне пракурор: Як Вы абараняліся.

Мядзведзь тлумачыць: закрываўся рукамі ад дубінак, удары сыпаліся з усіх бакоў.

Мне нехта дапамоў выбрацца адтуль. Я сустрэў сына і спрабаваў адтуль сысці. Аднак

Праходы былі закрытыя. Мы з сынам вярнуліся да помніка Леніну, дзе нас затрымалі і загрузілі ў аўтамашыну.

Пракурор: ці прымалі Вы актыўныя дзеянні?

Мядзведзь: Не, толькі закрываўся рукамі ад удараў.

Пракурор: Што рабілі астатнія людзі?

Мядзведзь: Не бачыў, паколькі закрываўся ад удараў.

Пракурор: Ці супраціўляліся вы пад час затрымання?

Мядзведзь: Мы спакоўна зайшлі ў аўтамабіль Амапу.

Затым пытаньні абвінавачанаму задае адвакат

10-36. Пачаўся допыт пацярпелых. Першы з іх - Аляксей Сакач, 1983 года нараджэння, міліцыянер палка міліцыі спецыяльнага прызначэння. Кажа, што з абвінававачаным не знаёмы. Ён распавядае: «Мы сталі ў ланцуг перад Домам урада ў 22:30. Там было чутно, як паўстанцы білі шкло на ўваходзе. Праз некаторы час людзі хлынулі на нас з ударамі па шчытах. Мы бачым натоўп агрэсіўна настроеных людзей (яны крычалі). Мы іх адсеклі ад ганка Дома Ураду, натоўп знаходзіўся перад намі».

Кажа, што нічога не бачыў - шлем запацеў, на яго пасыпаліся ўдары. чым і як білі сказаць не можа. Нікога з тых, хто наносіў удары, не запомніў.

Пачынаецца допыт наступнага пацярпелага - Андрэй Палавінкін, 1983 года нараджэння. Ён кажа, што 19 снежня працаваў на Плошчы ў цывільнай форме. На пытанне, што адбывалася на Плошчы, кажа "Людзі крычалі лозунгі", але якія канкрэтна, удакладніць не можа. Кажа, што стаяў з партатыўнай радыёстанцыяй. Яму у натоўпе быў нанесены ўдар ззаду. Абярнуўся - убачыў чалавека, які ўцякаў.

11-00. Пацярпелага Палавінкіна дапытвае адвакат.

11-05. Наступны пацярпелы - міліцыянер палка міліцыі спецыяльнага прызначэння Дзмітрый Лявіцкі. 

Пацярпелы Лявіцкі не бачыць  супярэчнасцей у сваіх сённяшніх і ранейшых паказаннях.  У вусных паказаннях ён казаў, што атрымаў тыя ж пашкоджанні выпадкова - нехта паваліўся і трапіў яму пад шчыт. Усё было выпадкова. Людзі пыталіся выйсці з "калідора". Гэта было ў той момант, калі людзей саджалі ў спецтранспарт.

11- 25. Наступны пацярпелы Сяргей Масальскі паведаміў, што рассякаў разам з астатнімі натоўп на дзве часткі, бачыў як прарвалі ланцуг Амапу і некаторых супрацоўнікаў аблівалі з агнетушыцеляў. Затым у міліцыянтаў сталі вырываць гумовыя дручкі і наносіць удары па міліцыянтах. Мне нанеслі ўдар па скроні,- паведамляе ён. Таксама ён кажа аб тым, што паказанні пад час следства больш дакладныя, і што сапраўды ён бачыў нейкі агонь.

11-35. Дапытваюць яшчэ аднаго пацярпелага міліцыянта - Віталя Піліпейка. Ён сцвярджае, што два чалавекі заміналі яму рухацца, нехта выцягваў яго з ланцуга, а таварышы вярнулі мяне ў строй. У нейкага мужчыны справа ён заўважыў чаранок ад рыдлёўкі. Людзі наносілі ўдары па шчыце і нагах, а затым нехта абліў мяне з вогнетушыцеля. Ён таксама падцвярджае, што бачыў. як з натоўпу кідалі арматуру.

11-40. Дапытваюць апошняга пацярпелага -Ягор Каравай. Ён чуў, як выкрыквалі лозунгі і зневажалі міліцыянтаў. Адзін раз я атрымаў ззаду удар па галаве, больш мяне не білі, - кажа ён. Я звяртаўся да медыкаў - у мяне была гематома.

11-50. Дапыталі ўсіх пацярпелых - міліцыянты палка міліцыі спецыяльнага прызначэння Аляксей Сакач, Андрэй Палавінкін, Дзмітрый Лівіцкі, Сяргей Масальскі, Віталь Піліпейка, Ягор Каравай. Пацярпелыя пакінулі судовую залу.Аднак запрашаюць новых пацярпелых. Іх трое.

11-58. Дапытваюць Аляксея Кашталана, намесніка камандзіра палка спецыяльнага прызначэння. Ён распавядае, што людзі былі агрэсіўныя і білі шкло ў Доме ўраду. Бачыў, як палівалі з вогнетушыцеля і білі супрацоўнікаў чаранкамі ад рыдлёвак і вудзільнамі.На пытанне адваката пацярпелы прызнаўся, што не бачыў абвінавачанага 

12-05. Дапытваюць Руслана Волкава, Ён патлумачыў, што чуў шум, грохат, чуў як б'юць шкло.Атрымаў удар па назе, але нікога не запомніў, абвінавачанага не бачыў.

12-10. Яшчэ адзін пацярпелы - Юрый Дземідовіч. Ён бачыў натоўп са сцягамі і чуў, як б'юць шкло. У наш бок паляцелі палкі і сметніца. Нас білі па нагах.Было адчуванне, што людзі хочуць зрабіць пабоішча. Мне разбілі вусны сарваўшы забрала шлёма. Запальных прадметаў не бачыў. Нас сляпілі фотаўспышкі камер.

12-25. Пачынаюць дапытваць грамадзянскага істца Дзмітрыя Лепеша, які прадстаўляе Адміністрацыю прэзідэнта. Ён паведаміў, што нанесены маёмасці ўрон цалкам пагашаны і адмовіўся ад ранейшага зыску. Суддзя абвясціла перапынак і выйшла ў дарадчы пакой.

13-10. Пасьля перапынку дапытваюць пацярпелага падпалкоўніка Ігара Бажка. Ён падцвярджае, што атрымаў удар з-за спіны, у людзей у руках прадметаў не бачыў. У сувязі з супярэчлівымі паказаннямі зачытваюць пратакол, складзены  пад час следства. З яго вынікае што мітынуючыя лаяліся, кідаліся бутэлькамі і біліся палкамі. Абвінавачанага Мядзведзя на плошчы не бачыў.

13-26. Абвешчаны перапынак да 14-00 гадзін.

14-10. Пасьля перапынку судовы працэс аднавіўся. Будуць дапытаныя яшчэ пяць пацярпелых.Пачалі допыт Дзяніса Булавацкага. Ёк кажа, што дэманстранты закідвалі іх пластыкавымі бутэлькамі і палкамі. Усе былі агрэсіўныя. Мы пачалі адцясняць натоўп. Узялі ўсіх у кола і сталі грузіць людзей у транспарт. Мяне ўдарылі кулаком і я запрасіў дапамогі. Хто ўдарыў – не бачыў. Мядзведзя не бачыў.

14-20. Дае паказанні Дзмітрый Скараход. Ён патлумачыў, што натоўп хацеў прарваць ачаплення і наносіў удары нагамі. з яго сарвалі шлём і нанеслі некалькі ўдараў па галаве. Кідаліся смеццем і снегам. Пры гэтым Мядзведзя я не бачыў.

Наступны пацярпелы - Аляксандр Кудравец.  Папрасіў зачытаць ягоныя паказанні, паколькі нічога не памятае. Пракурор папрасіў успомніць. Кажа, што білі металічным прутам. Атрымаў ад удару гематому. Абвінавачанага не бачыў.

14-30. Далей выступае Юрый Зянкевіч, які патлумачыў, што на іх кідалі розныя прадметы: палкі і лёд. На мяне нападалі з жалезным прутам і чаранком рыдлёўкі, а затым аблілі з вогнетушыцеля. Я перастаў бачыць і звярнуўся ў хуткую дапамогу. Абвінавачанага Мядзведзя не бачыў.

Наступны пацярпелы - Комар. Ён Мядзведзя нек бачыў. А вось пацярпелы Алег Дударчык паказаў, што абвінавачаны быў актыўным удзельнікам мітынгу. Пры затрыманні ён выкрыкваў лозунгі антыдзяржаўнага характару. Ён не бачыў, што Мядзведзь аказваў фізічны супраціў, але памятае, як ён быў апрануты. Абвінавачаны перапытвае і сцвярджае, што ня быў у чорным швэдары, як паказвае Дударчык і пры гэтым быў без барады. Ён кажа, што быў апрануты ў шапку з арнаментам і светлую карычневую куртку.

14-50. Дапытваюць пацярпелага Аляксандра Грысенку. Ён патлумачыў, што абвінавачаны ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі выкрыкваў лозунг "Жыве Беларусь!".

15-10. Суд прыступіў да вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы. Суддзя праводзіць пералік знойдзеных на плошчы прадметаў. Ідзе пералік траўмаў, атрыманых міліцыянерамі.

Пракурор задае пытанні абвінавачанаму Мядзведзю: на вышым мабільным тэлефоне зроблены фотаздымкі плошчы. Пры якіх абставінах Вы гэта рабілі?

Да справы таксама далучаныя характарыстыкі на Мядзведзя і пералік сацыяльных аб'ектаў, што будуе ягоная фірма.

15-33. Пачаўся прагляд відэазапісаў мітынгу. На відэа бачна. як Мядзведзь закрывае рукамі галаву. каб уратавацца ад удараў міліцыянтаў. Ён адказвае пракурору, што пакінуць плошчу не было магчымасьці. паколькі людзі стаялі шчыльна.

15-50. Выступае дзяржабвінаваўца пракурор Мазоўка. Ён заяўляе, што на аснове допыту пацярпелых віна абвінавачанага даказаная цалкам. Пракурор запрасіў 4 гады пазбаўленьня волі.

16-01. Адвакат Сяргей Лепеш заяўляе, што ўвогуле у судзе не прагучага ніводнага доказу віны Мядзведзя. Адвакат даводзіць, што ніякай зброі не было, рыдлёўкі і чаранкі зброяй не зьяўляюцца. “Масавых беспарадкаў не было” -- заявіў адвакат. Ён прывёў шмат недакладнасцей і неадпаведасьцей у матэрыялах справы ва ўступнай частцы абвінавачання.

16.22 Дзьмітры Мядзьведзь выступае з апошнім словам.  “Калі я трапіў у гэтую сытуацыю, ніякай агрэсію ў мяне не было, я адбіваўся ад удараў. Сам атрымаў два ўдары. Наглядна бачна на відэа, што я ніякіх удараў я не наносіў”.
“Па-сутнасьці я мірны чалавек. У мяне вялікія пляны былі  на развіццё бізнэсу, выкарыстанне новых тэхналёгіяў для будаўніцтва сацыяльнага жытла. Гэта жахліва ўсё.”

16-30. Суддзя пайшла ў дарадчы пакой для падрыхтоўкі прысуду.

19-50 Прысуд Дзмітрыю Мядзьведзю — 3 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства