Карл Шварцэнберг абураны папярэджаннем Генпракуратуры Алесю Бяляцкаму
Намеснік прэм’ер-міністра і міністр замежных спраў Чэшскай Рэспублікі
Карл Шварцэнберг
Прага, 1 сакавіка 2011 г.
Шаноўны сп. Бяляцкі!
За сітуацыяй у Вашай краіне я сачу ўжо некалькі гадоў, і яна ніколі не ўнушала істотнага аптымізму, але наступствы прэзідэнцкіх выбараў пераўзышлі найгоршыя чаканні. Пасля выбараў мяне штодня інфармуюць аб сітуацыі, якая ўсё пагаршаецца і пагаршаецца – такой колькасці затрыманых кандыдатаў у прэзідэнты і фігурантаў справы аб масавых беспарадках, такога масштабу ператрусаў офісаў незалежных СМІ і няўрадавых арганізацый, такой хвалі запалохвання праваабарончых арганізацый, у тым ліку і Вашай, не чакаў ніхто.
Мяне глыбока абурыла афіцыйнае папярэджанне, вынесенае Вам Генеральнай пракуратурай 16 лютага, што Ваша дзейнасць ад імя “Вясны” супярэчыць закону і можа прывесці да прыцягнення Вас да крымінальнай адказнасці. Заўсёды з вялікім спачуваннем стаўлюся да спраў Вашага Праваабарончага цэнтру, які нястомна выступае за ідэалы правоў чалавека і дэмакратыі, не зважаючы на пагрозы беларускіх уладаў. Такім чынам, хачу запэўніць Вас у найглыбейшай павазе і спагадзе да Вашай працы. Ведайце, што Вы заўсёды можаце разлічваць на маю асабістую падтрымку і падтрымку Міністэрства.
Шчыра зычу Вам з новай энергіяй і з падтрымкай адданых паплечнікаў працягваць сваю выдатную працу.
З павагай,
Карл Шварцэнберг