viasna on patreon

Аналіз судовага працэсу па абвінавачванні Аляксандра Атрошчанкава, Аляксандра Малчанава, Дзмітрыя Новіка

2011 2011-03-03T17:48:43+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudatro.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Аляксандр Атрошчанкаў, Аляксандр Малчанаў і Дзмітрый Новік абвінавачваліся ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч.2 арт. 293 КК Рэспублікі Беларусь (масавыя беспарадкі). Маўчанаў таксама абвінавачваўся у злачынстве, прадугледжаным арт. 370 КК Рэспублікі Беларусь (знявага дзяржаўных сімвалаў).

Усе абвінавачаныя знаходзіліся пад вартай у СІЗА КГБ з моманту іх затрымання. А. Атрошчанкаў з 20.12.2010 г., А. Маўчанаў з 06.01.2011 г., Дз. Новік з 23.12.2010 г.

Судовы разгляд справы ажыццяўляў суд Фрунзенскага р-на г. Мінска ў складзе суддзі Чэркас Таццяны Станіславаўны, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівала пракурор Таццяна Маладцова. Судовы працэс доўжыўся два дні –з 01.03.2011 г. па 02.03.2011 г.

Прадстаўнік грамадзянскага істца – ГГУ Адміністрацыі Прэзідэнта – Дзмітрый Лепеш на працэсе не прысутнічаў і хадайнічаў аб правядзенні працэса ў ягоную адсутнасць, а таксама накіраваў у суд заяву, згода з якой адмаўляўся ад іска ў сувязі з пагашэннем матэрыяльных стратаў у поўным аб’ёме.

Згодна з вынесеным прысудам, усе абвінавачаныя былі прызнаныя вінаватымі ў інкрымінаваных ім злачынствах і прыгавораныя: А.Атрошчанкаў – да 4 гадоў пазбаўлення волі, А.Малчанаў – да 3 гадоў пазбаўлення волі, Дз. Новік – да 3,5 гадоў пазбаўлення волі.

Доступ да суда: Слуханні па справе адбываліся ў адкрытым судовым працэсе. Аднак доступ у пакой, у якім адбываліся слуханні, прадстаўнікоў СМІ, праваабаронцаў і грамадзянаў быў абмежаваны з-за невялікіх памераў пакоя. Акрамя таго, на другі дзень працэсу ў залю загадзя арганізавана прывялі студэнтаў ў колькасці 12-15 чалавек, абмежаваўшы такім чынам магчымасць доступа ў залю вялікай колькасці жадаючых, сярод якіх былі прадстаўнікі незалежных СМІ (дзяржаўныя СМІ і сваякі былі дапушчаныя ў залю ў першую чаргу), праваабронцы і грамадзяне.

Абарона: Усе абвінавачаныя былі прадстаўленыя адвакатамі, якія ажыцяўлялі іх абарону ў перыяд папярэдняга следства і на судзе.

Сутнасць абвінавачвання:

Аляксандр Малчанаў абвінавачваўся ў тым, што ў нецвярозым стане ў Мінску па адрэсе: пр-т Незалежнасці, 17 сарваў з будынку КДБ 2 дзяржаўныя сьцягі і кінуў іх на зямлю, чым парушыў арт.370 Крымінальнага кодэксу (далей – КК) (“абраза дзяржаўнай сімволікі”), а таксама па папярэдняй змове з Новікам, Атрошчанкавым і іншымі нявызначанымі асобамі ўзламаў дзьверы (учыніў не менш за 2 удары рукамі і 2 удары нагамі па дзвярах і іншыя актыўныя дзеянні па пранікненню ў будынак), што патрапляе пад ч.2 арт.293 Крымінальнага кодэксу (“масавыя беспарадкі”), то бок – непасрэдны ўдзел у масавых беспарадках, якія суправаджаліся гвалтоўнымі дзеяннямі і непадпарадкаваннем.

Новік Дзьмітрый абвінавачваўся ў тым, што па папярэдняй змове з Малчанавым, Атрошчанкавым і іншымі нявызначанымі асобамі прыняў удзел у масавых беспарадках з 19 па 20 сьнежня 2010 г. у Мінску, а менавіта пашкодзіў уваходныя дзверы ў будынак Дома ўраду (нанёс ня менш за 21 удар рукамі і нагамі і ўчыняў іншыя актыўныя дзеяньні па пранікненню ў будынак), што патрапляе пад ч.2 арт.293 КК.

Атрошчанкаў Аляксандр, згодна з абвінавачаннем, у складзе натоўпу, які бясчынстваваў, у змове з Новікам,  Малчанавым і іншымі нявызначанымі асобамі прыняў удзел у масавых беспарадках з узброеным супрацівам, а менавіта нанёс не менш за 1 удар  і ажыццяўляў іншыя актыўныя фізычныя дзеянні па пранікненню ў будынак Дома ўраду, што кваліфікуецца па ч.2 арт.293 КК.

Аляксандр Малчанаў цалкам прызнаў віну, Дзмітрый Новік -- часткова, а Аляксандр Атрошчанкаў віну не прызнаў.

Судовы працэс адбываўся ў цэлым у адпаведнасці з патрабаваннямі КПК Рэспублікі Беларусь.

У судовым працэсе былі заслуханыя абвінавачаныя і даследаваныя доказы па справе: дапытаныя сведкі, прагледжаны відэаматэрыялы, даследаваны пісьмовыя матэрыялы.

У выніку судовага разбіральніцтва суд прыйшоў да высноваў аб тым, што віна абвінавачаных у здзяйсненні імі інкрымінаваных ім дзеянняў цалкам даказаная, іх дзеянні кваліфікаваныя правільна. Суд вынес абвінаваўчы прысуд.

На падставе аналізу доказаў і правядзення маніторынгу судовага паседжання Праваабарончы цэнтр “Вясна” прыйшоў да наступных высноваў:

У судовым паседжанні не было прадстаўлена доказаў таго, што падзеі 19 снежня 2010 г. на плошчы Незалежнасці ўяўлялі сабой масавыя беспарадкі і што, адпаведна, абвінавачаныя прымалі ў іх актыўны ўдзел.

Масавыя беспарадкі – гэта дзеянні натоўпу, які дзейнічае не арганізавана, праяўляе буянства, неўтаймаваную, шалёную агрэсію.

Масавыя беспарадкі ў сэнсе арт. 293 КК Рэспублікі Беларусь неадменна павінны суправаджацца гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці, узброеным супрацівам прадстаўнікам улады. Іншыя дзеянні ўдзельнікаў натоўпу, якія парушалі грамадскі парадак, цягнуць на адміністратыўную адказнасць, а пры грубым характары такіх парушэнняў могуць утвараць склад злачынства па арт. 339 (хуліганства) ці 342 КК (групавыя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак) Рэспублікі Беларусь.

Удзел у масавых беспапарадках павінен выяўляцца ў непасрэдным здзяйсненні гвалту над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці, узброеным супрацівам прадстаўнікам улады.

Пад пагромам трэба разумець дзеянні, якія суправаджаюцца гвалтам, знішэчннем маёмасці, раскраданнем маёмасці.

Гвалт пры масавых беспарадках – гэта прычыненне цялесных пашкоджанняў, нанясенне пабояў, пазбаўленне волі.

Падпалы – гэта сродак знішчэння маёмасці, як правіла, грамадзка небяспечных спосабам.

Узброены супраціў прадстаўнікам улады — псіхічны ці фізычны гвалт з выкарыстаннем ці прымяненнем розных відаў зброі ў мэтах перашкодзіць законнай дзейнасці прадстаўнікоў улады. Пад зброяй пры гэтым разумеецца любая зброя, якая прызнаецца такой у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб зброі” ад 13.11.2001 г. № 61.

Як вынікае з паказанняў апытаных сведкаў, саміх абвінавачаных, прагледжанага відэматэрыялу, дзеянні А. Атрошчанкава, А. Малчанава, Дз. Новіка не суправаджаліся ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады, не суправаджаліся гвалтам над асобай, падпаламі, пагромамі. Не было даказана, што ў выніку іх дзеянняў была знішчана маёмасць. Не знайшла свайго падцверджання і наяўнасць папярэдняй змовы паміж абвіначанымі і іншымі асобамі.

Так, сведка Антонаў Дзяніс Валер'евіч, супрацоўнік ГУУС Мінгарвыканкаму, 19 сьнежня 2010 г. ажыццяўляў відэафіксацыю акцыі. Адзначыў, што асаблівай агрэсіі ў натоўпе не было. Звычайны мітынг. Рух транспарту не ажыццяўляўся з-за грамадзян. ДАІ прасіла вызваліць праезную частку. Дэманстранты не звярталі ўвагі. Растлумачыў, што бачыў Атрошчанкава. Апошні быў не ў першым шэрагу на прыступках Дома ўрада. Да агароджы не датыкаўся. Разгойдваўся разам з натоўпам. Людзі штурхалі дзверы. Бачыў Новіка, які спрабаваў прарвацца ў будынак урада. Назіраў Новіка і Атрошчанкава адначасова, але якой-небудзь каардынацыі паміж імі не было, яны не размаўлялі. Не бачыў, каб ад дзеяньняў Новіка і Атрошчанкава нешта было знішчана або нехта пацярпеў. Супрацоўнікі міліцыі потым адціснулі людзей з ганка Дома ўрада. Выстраіліся перад ганкам, а потым сышлі. Была такая каманда.

Сведка Шалко Мікалай Аляксандравіч, старэйшы эксперт ГУУС Мінгарвыканкаму, ажыццяўляў відэафіксацыю супрацьпраўных дзеянняў. Растлумачыў, што рух па праспекце не ажыццяўляўся ў вечар мітынгу, бо быў перакрыты ДАІ. Сведка растлумачыў, што бачыў Атрошчанкава на прыступках Дома ўрада. Атрошчанкаў вылучаўся ростам і шапкай. Ён не быў у першых шэрагах. Людзі рабілі нешта накшталт жывога тарана. Усяго было 1-2 ўдары гэтага тарана. Сведка не бачыў, каб Атрошчанкаў наносіў удары. Новік, як яму здаецца, быў з фотаапаратам і спрабаваў фатаграфаваць. Наогул, там было 7-10 чалавек, якія дзейнічалі актыўна. Сітуацыя не кіравалася, і ўсё адбывалася стыхійна. У выніку дзеяньняў былі разламаныя дзверы і выбітыя вокны. Хто гэта зрабіў, сведка не бачыў. Падпалаў і ўзброенага супраціву 19-га сьнежня таксама не было. Са зброі сведка бачыў толькі вуды, якімі ўдзельнікі адмахваліся ад супрацоўнікаў міліцыі.

Адгледжаныя ў выглядзе доказаў відэаматэрыялы таксама не зафіксавалі фактаў выкарыстання абвінавачанымі, іншымі ўдзельнікамі мітынгу на пл. Незалежнасці зброі, учынення падпалаў, узброенага супраціву. Акрамя таго, праведзеныя па справе экспертызы, якія агучваліся ў іншых судовых працэсах па падзеях 19 снежня 2010 г. (Парфянкова, Гапонава і Брэуса), не аднесла прадметы, знойдзеныя на пл. Незалежнасці (ледарубы, сякеру і інш.), да катэгорыі халоднай зброі.

У цэлым у біцці шкла ў будынку Дома Ураду прымала ўдзел невялікая колькасць людзей адносна іншых удзельнікаў мітынгу. Пераважная колькасць грамадзянаў, якія прымалі ўдзел у мітынгу на пл. Незалежнасці, не дапускалі парушэнняў грамадкага парадку ці гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да міліцыі.

У выніку дзеянняў невялікай колькасці людзей была пашкоджаная, але не знішачаная маёмасць, якая належала ГГУ Адміністрацыі Прэзідэнта, а менавіта: адна вадасцёчная труба, выбіта шкло ў некалькіх вокнах будынку, пашкоджаны пяць кустоў ядлоўца. Часткова дадзеная маёмасць была адноўленая на наступны дзень. Матэрыяльная шкода, нанесеная маёмасці ГГУ Адміністрацыі прэзідэнта ў памеры 14 млн. Рублёў, была цалкам пагашая да пачатку дадзенага судовага паседжання. Прычым трэба адзначыць, што дадзеная маёмасць не была пашкоджаная ў выніку падпалу ці іншым грамадска небяспечным спосабам.

У судзе не было прадстаўлена сведчанняў таго, што менавіта дзеяннямі А. Атрошчанкава і Дз. Новіка была прычынена шкода якой-небудзь маёмасці.

Прызнанне Малчанавым сваёй віны сведчыць аб тым, што ягоныя дзеянні носяць характар правапарушэння (пашкоджання маёмасці), але ніякім чынам не даказваюць ягонага ўдзелу ў масавых беспарадках. Лічым, што ў судзе не было знойдзена доказаў абразы дзяржаўных сімвалаў, паколькі знятыя Малчанавым два дзяржаўныя сцягі з будынку КДБ не былі ім пашкоджаныя і вернутыя на папярэдняе месца праз 20 хвілін. Суду таксама не прадстаўлена доказаў, што Малчанаў сваімі дзеяннямі зняважыў дзяржаўныя сімвалы (публічна ірваў, таптаўся нагамі).

У сувязі з гэтым Праваабарончы цэнтр “Вясна” лічыць, што высновы суда, якія былі выкладзеныя ў прысудзе, не адпавядаюць фактычнам абставінам справы, а менавіта ў тым, што дадзеныя высновы не пацвярджаюцца адпаведнымі доказамі.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” лічыць, што доказаў віны ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 293 КК Рэспублікі Беларусь, у судзе не прадстаўлена.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” лічыць прысуд, вынесены судом Фрунзенскага р-на г. Мінска, палітычна матываваным, незаконным, настойвае на ягонай адмене і  тэрміновым вызваленні асуджаных А. Атрошчанкава, А. Маўчанава і Дз. Новіка.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства