viasna on patreon

Прысуд Парфянкову: чатыры гады строгага рэжыму

2011 2011-02-17T15:56:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/parfiankou2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Васіль Парфянкоў

Васіль Парфянкоў

У судзе Фрунзенскага раёна Менску абвешчаны прысуд па справе Васіля Парфянкова: чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму.

***

Прысуд па справе Васіля Парфянкова будзе абвешчаны сёння ў 17.30. Пракурор Антон Загароўскі запрасіў у якасці пакарання Васілю Парфянкову 6 гадоў пазбаўлення волі, а адвакат А.Папкоўскі ў сваім выступе папрасіў цалкам апраўдаць свайго падабароннага.

***

Пасля перапынку абвешчана закрытае судовае паседжанне - у сувязі з тым, што будуць заслуханы матэрыялы смс-перапіскі Васіля Парфянкова з рознымі асобамі.

У судзе Фрунзенскага раёна скончыўся перапынак у судовым паседжанні па справе Васіля Парфянкова, якую вядзе суддзя Вольга Комар.

Як адзначае Алесь Бяляцкі, працэс дастаткова шматлюдны, у залі судовага паседжання шмат тэлекамер, замежных журналістаў. Перад уваходам засталося чалавек 30, якіх не прапусцілі ў залю.

Васіль Парфянкоў, які падчас выбарчай кампаніі працаваў у камандзе кандыдата Някляева, у судзе распавёў, што прысутнічаў пры збіцці Някляева на вул.Нямізе, па дарозе на Плошчу, і быў сярод тых, каго павалілі тварам у снег. Пасля ён пайшоў на акцыю. Суду сказаў, што прыйшоў на Плошчу, каб выразіць сваю грамадзянскую пазіцыю, бо не згодны з вынікамі выбараў. Віну сваю ён прызнае часткова – у тым, што браў удзел у шэсці. Аднак не прызнае свайго ўдзелу ў пагромах і прычыненні шкоды маёмасці. Сцвярджае, што вокны не біў, а толькі рукамі і корпусам тулава піхаў драўляную агароджу, бо паддаўся агульнаму парыву.

Таксама ў сваім выступе Парфянкоў адзначыў той факт, што Віталь Рымашэўскі звяртаўся з просьбай не ламаць дзверы, а пасля туды наблізіліся Андрэй Саннікаў і Мікола Статкевіч, якія таксама заклікалі ўсіх супакоіцца. Пасля гэтага, па словах Васіля, ён асабіста пачаў утрымліваць іншых, каб не ішлі да дзвярэй Дома ўраду.

Следства ж, паводле матэрыялаў відэаздымкі, сцвярджае, што Парфянкоў 61 раз стукнуў у шафы, якімі былі захіленыя дзверы Дома ўраду. Аднак, у прэтэнзіях адміністрацыі Дома ўраду шафаў увогуле няма. Тут варта адзначыць, што адміністрацыя Дома ўраду зменьшыла суму судовага пазову прыблізна ў два разы – да 14 млн. 48 тыс. рублёў. Як бачым, сума пашкоджанняў (каля 3.5 тыс. еўра) не была такой значнай, якой яе напачатку выставілі).

У працэсе было абвешчана, што прадстаўленыя рэчыўныя доказы – 62 арматурныя пруты, 11 ручак ад рыдлёвак і 1 лом – экспертыза не аднесла да халоднай зброі, паколькі гэта фабрычныя вырабы, і ніякіх адбіткаў пальцаў на іх не знойдзена. Адна петарда таксама не прызнаная экспертызаў выбуховай прыладай.

Па назіраннях праваабаронцы, суддзя фармальна дзейнічае ў адпаведнасці з нормамі судовага працэсу. Аднак пра аб’ектыўнасць судовага рашэння казаць не даводзіцца.

- Адназначна гэта справа не цягне на “масавыя беспарадкі” – хіба што адміністратыўнае хуліганства. Аднак турботы ўзнікаюць наконт аб’ектыўнасці судовага рашэння. Як вядома, беларускі суд не з’яўляецца незалежным. І прысуд па гэтай справе будзе выносіцца не ў кабінеце суддзі, а ў прэзідэнцкай адміністрацыі, - кажа Алесь Бяляцкі.

***

Сёння, 17 лютага, распачаўся першы судовы працэс па крымінальнай справе аб масавых беспарадках 19 снежня. У судзе Фрунзенскага раёна Менску суддзя Вольга Комар разглядае справу Васіля Парфянкова, якога абвінавачваюць па ч.2 арт. 293 – “удзел у масавых беспарадках”.

Васіль Парфянкоў затрыманы 4 студзеня. Утрымліваўся пад вартай у СІЗА на Валадарскага як фігурант крымінальнай справы па арт.293.

Падчас выбарчай кампаніі Парфянкоў быў сябрам ініцыятыўнай групы Уладзіміра Някляева і ўдзельнічаў у агітацыйнай кампаніі гэтага кандыдата ў прэзідэнты.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” адсочвае гэты працэс. У судовай залі прысутнічаюць кіраўнік цэнтру Алесь Бяляцкі і юрыст Уладзімір Лабковіч, а намесніка старшыні Валянціна Стэфановіча не пусцілі ў залю судовых паседжанняў з-за адсутнасці месцаў. На працэс таксама не змаглі патрапіць і іншыя праваабаронцы - старшыня БХК Алег Гулак, старшыня "Праваабарончага альянсу" Людміла Гразнова.  

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства