viasna on patreon

Валянцін Стэфановіч: “Рукамі Мінюста ажыццяўляюцца спробы заткнуць рот адвакацкай супольнасці”

2011 2011-02-16T16:48:06+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/valiancin_stefanovich.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч

16 лютага з’явілася інфармацыя пра тое, што Кваліфікацыйная камісія Міністэрства юстыцыі прыняла рашэнне пра пазбаўленне ліцэнзіі шэрагу адвакатаў – адвакатаў Ірыны Халіп Уладзіміра Тоўсціка і Тамару Гараеву, адваката Алеся Міхалевіча Алега Агеева і яго маці адваката Таццяну Агееву.

У сітуацыі з адвакатамі Ірыны Халіп Мінюст абгрунтоўвае пазбаўленне ліцэнзіі адмовай ад абароны падабароннага. Аднак, як вядома праваабаронцам, Уладзімір Тоўсцік не адмаўляўся ад абароны Ірыны Халіп, а яна пад уздзеяннем КДБ сама адмовілася ад адваката.

- Больш за тое, адвакат Тоўсцік зараз абскарджвае адхіленне яго як адваката ад вядзення справы Халіп, таму што адмову ад  адваката і яго адхіленне з такой фармулёўкай ад справы адбылося з парушэннямі працэсуальных нормаў, - каментуе сітуацыю праваабаронца Валянцін Стэфановіч. - Я мяркую, што і адвакат Тамара Гараева, якая таксама пазбаўлена ліцэнзіі за адмову ад абароны, зрабіла гэта не па сваім асабістым жаданні.

Што датычыць адвакатаў Алега Агеева і Таццяны Агеевай, то “па дзіўнаму збегу абставінаў” яны з’яўляюцца сябрамі Прэзідыума Менскай гарадской калегіі адвакатаў.  І тут дарэчы згадаць нядаўнюю гісторыю пра тое, што Мінюст ставіў пытанне пра дысцыплінарную адказнасць некаторых адвакатаў, у прыватнасці, пра прыпыненне ліцэнзіі адваката Паўла Сапелкі і мэтазгоднасць яго сяброўства ў Прэзідыуме Менскай гарадской калегіі адвакатаў. Усе чатыры адвакаты выступалі абаронцамі фігурантаў справы аб масавых беспарадках. І кіраўніцтва Менскай гарадской калегіі адвактаў адмовілася якім-небудзь чынам караць гэтых адвакатаў, заявіўшы пра тое, што ў іх дзеяннях няма парушэнняў заканадаўства і, адпаведна, падставаў для прыцягнення іх да адказнасці.

- Усе гэтыя дзеянні Міністэрства юстыцыі звязаныя менавіта з жаданнем аказаць ціск на адвакатаў Менскай гарадской калегіі ў у цэлым.  Да ўсяго яшчэ згадаю, што зараз змяніліся, сталі больш жорсткімі, патрабаванні да асобаў, якія прэтэндуюць на працу адвакатаў, а таксама тое, што Міністэрства юстыцыі распрацоўвае новыя правілы адвакацкай этыкі (што само па сабе вельмі цікава, бо не адвакацкая супольнасць займаецца гэтым, а Мінюст – рэгіструючы і кантралюючы орган!). І некаторыя палажэнні новага дакумента выклікаюць вельмі сур’ёзную занепакоеннасць. Напрыклад, тое, што адвакаты павінны ўзгадняць усе інтэрв’ю, то бок фактычна браць дазвол на стасункі са СМІ ў кіраўніцтва калегіі. І калі ў сваіх інтэрв’ю яны будуць дапускаць нейкія выказванні, якія можна будзе расцэньваць як перадузятыя, якія дыскрэдытуюць дзейнасць праваахоўных органаў, - усё гэта будзе расцэньвацца як паводзіны нявартыя звання адваката, што ў прынцыпе можа пацягнуць за сабой дысцыплінарную адказнасць і пазбаўленне адвакацкай ліцэнзіі, - мяркуе В.Стэфановіч.

Па словах праваабаронцы, на працягу апошніх месяцаў фактычна назіраецца працэс, калі рукамі Міністэрства юстыцыі робяцца спробы заткнуць рот адвакацкай супольнасці і стварыць перашкоды адвакатам у ажыццяўленні іх прафесійнай дзейнасці, у тым ліку і па абароне правоў чалавека.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства