Ірына Халіп застанецца пад хатнім арыштам
КДБ адхіліла хадайніцтва Жанны Літвіной і Андрэя Бастунца аб іх асабістым паручальніцтве за Ірыну Халіп.
Ліст падпісаў следчы па асабліва важных справах 1 аддзелу следчага ўпраўлення КДБ, маёр юстыцыі А. Самбук.
Хадайніцтва трапіла ў КДБ са спазненнем — праз 2 дні пасля таго, як Ірыну выпусцілі з СІЗА пад хатні арышт. Таму, з улікам яе цяперашняга статусу, змяняць ёй меру стрымання няма падставаў, — лічаць у КДБ.
Заврот аб змяненні Ірыне Халіп меры стрымання Жанна Літвіна і Андрэй Бастунец накіравалі ў следчыя органы яшчэ 19 студзеня 2011 года. Кіраўніцтва БАЖ прасіла выпусціць Ірыну Халіп з-пад варты пад іх асабістае паручальніцтва.
26 студзеня начальнік следачага ўпраўлення папярэдняга расследавання Генадзь Казакевіч паведаміў Літвіной і Бастунцу, што хадайніцтва перадалі для разгляду ў следчае ўпраўленне КДБ. Адказ з КДБ, датаваны 2-м лютага, чамусьці ішоў 2 тыдні.
Між тым, 7 лютага Літвіна і Бастунец накіравалі чарговы ліст
сп-ру Казакевічу з просьбай «змякчыць рэжым утрымання Халіп І.У. пад
хатнім арыштам і дазволіць асабістую сустрэчу з ёй кіраўнікам
ГА „Беларуская асацыяцыя журналістаў“». Адказу на гэты ліст
«па сутнасці» пакуль не было. Сп. Казакевіч паінфармаваў толькі, што
звароты зноў пераправілі ў
Камітэт дзяржаўнай бяспекі.