17 лютага пачынаюцца суды ў справе аб масавых беспарадках
Паводле непацверджанай
інфармацыі, на гэты дзень прызначаны разгляд справы Васіля Парфянкова. Аб гэтым
“Белсату” паведаміў праваабаронца Валянцін Стэфановіч.
Спадар Стэфановіч звяртае ўвагу на тое, што ўлады хаваюць інфармацыю пра суды.
Аб тым, што пройдзе першае паседжанне, стала вядома з позваў, што атрымалі
актывіст “Маладых дэмакратаў” Юрый Фабішэўскі і Павал Яловік. Маладзёнам трэба
з’явіцца ў якасці сведкак 17 лютага а 10-й гадзіне у суд Фрунзенскага раёну
сталіцы.
Праваабаронца гаворыць, што пакуль невядома, ці будзе адкрытым судовае
паседжанне, бо рашэнне прымае непасрэдна суд. “Пракурор у апошні момант можа
запатрабаваць выдаліць усіх з залы суда, напрыклад, у інтарэсах следства”, –
тлумачыць Валянцін Стэфановіч.
Васіля Парфянкова, актывіста выбарчага штабу Уладзіміра Някляева, затрымалі 4
студзеня. Ён праходзіць у якасці падазраванага ў крымінальнай справе аб масавых
закалотах 19 снежня. Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру “Вясна” ён
застаецца пад вартай у СІЗА №1 на вул. Валадарскага.