viasna on patreon

Генпракуратура ўводзіць у зман беларускае грамадства і міжнародную супольнасць

2011 2011-01-25T16:42:11+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stefanovich7.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Асобам, якія знаходзяцца пад вартай у следчым ізалятары КДБ, забяспечаны ва ўстаноўленым парадку доступ адвакатаў і сваякоў. Пра гэта ў прыватнасці паведамілі БелаПАН у Генеральнай пракуратуры Беларусі, спаслаўшыся на вынікі праведзенай 24 студзеня праверкі ўмоваў утрымання асобаў, якія знаходзяцца ў СІЗА, у тым ліку і абвінавачаных у масавых беспарадках у Менску ў дзень прэзідэнцкіх выбараў.     

Праваабарончы цэнтр “Вясна”, які пільна адсочвае лёсы фігурантаў крымінальнай справы аб масавых беспарадках, не можа пацвердзіць інфармацыю Генпракуратуры.

- Па-першае, на цяперашні момант не вядомы выпадкі, калі б сваякі мелі спатканні з асобамі, якія знаходзяцца пад вартай у СІЗА КДБ. Па-другое, адвакаты працягваюць скардзіцца ў органы пракуратуры на тое, што не маюць магчымасці спаткацца сам-насам са сваімі падабароннымі, як тое гарантуе ім Крымінальна-працэсуальны кодэкс, - звяртае ўвагу Валянцін Стэфановіч.

 Артыкул 48 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь надзяляе абаронцаў правам “бесперашкодна мець стасункі са сваімі падабароннымі сам-насам і канфідэнцыйна без абмежавання колькасці і працягласці гутарак”.

- Адвакаты прысутнічаюць толькі пры працэсуальных дзеяннях падчас допытаў, але, наколькі я ведаю, фактычна ніхто з іх такіх спатканняў са сваімі падабароннымі не мае, - тлумачыць сітуацыю юрыст “Вясны”. – І гэта нягледзячы на тое, што пракуратура Мінска звярталася на імя начальніка СІЗА КДБ з тым, каб знайсці магчымасці па арганізацыі такіх сустрэчаў.  

Праваабаронца выказвае здзіўленне наконт вынікаў праверкі Генпракуратуры.

- Можа быць, яны напішуць у такім выпадку, хто з вязняў меў спатканне са сваімі сваякамі. Таму што, напрыклад, ні Міхалевіч, ні Саннікаў, ні Халіп, ні Някляеў, ні Радзіна – ніхто з іх не меў ніякіх спатканняў са сваякамі. І дазволу на спатканне следчыя ім не даюць. Таму я не ведаю, што піша пракуратура, дзе і што яна правярала - таму што сітуацыя зусім іншая.

Інфармацыю Генпракуратуры праваабаронцы расцэньваюць як спробу ўвесці ў зман і беларускае грамадства і міжнародную супольнасць, заявіў Валянцін Стэфановіч.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства