Міліцыя сканфіскавала звон Свабоды
У газэце "Витебский курьер" № 24 за 28 сакавіка зьмешчаны артыкул Алеся Козіка пад назвай "Куды знiк звон Свабоды?"
20 сакавіка падчас мітынгу на Кастрычніцкай плошчы адбылася своеасаблівая прэзентацыя звона Свабоды, аўтарамі якога з'яўляюцца мастак Аляксей Марачкін і скульптары Алесь Шатэрнік i Леў Талбузiн. Праца над стварэннем звона доўжылася больш года. Была створана адмыслованая ініцыятыўная група, якая шукала фінансаванне і ўсяляк спрыяла з'яўленню гэтага сакральнага твора мастацтва. Пасля мітынгу на Кастрычніцкім пляцы звон быў канфіскаваны міліцыяй. Карэспандэнт "Курьера" звярнуўся да Аляксея Марачкіна, каб ён расказаў і пра сам звон? і пра акалічнасці яго "арышту".
"На звоне ёсць словы славутага канцлера Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегі, а таксама Васіля Быкава, Кастуся Каліноўскага, цытата з Бібліі ў перакладзе Францішка Скарыны, выява крыжа Еўфрасінні Полацкай. Звон намолены святымі словамі. Гэта ўжо не проста мастацкі твор, а сакральны, духоўны скарб беларускага народа.
З мітынгу звон адвозіў да нас у майстэрню старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч. Па дарозе яго спынілі, міліцыя арыштавала і машыну, і звон. Пашкевіч патэлефанаваў мне і Шатэрніку. Мы прыехалі ў міліцыю, паказалі дакументы на звон, бо мы не толькі яго аўтары, але пакуль і гаспадары, бо звон аформлены як наша асабістая ўласнасць. На якой падставе наша ўласнасць затрымана? Машыну Пашкевіча неўзабаве адпусцілі, а звон застаўся "арыштаваным". Гэтая ўлада баіцца звона Свабоды. Бо інакш, навошта было яго "арыштоўваць"? Спадзяёмся, што не можа так здарыцца, як у час Другой сусветнай вайны, калі знік арыгінальны крыж Еўфрасінні Полацкай.
Прынамсі, сёння мы ведаем, хто звон забраў".