viasna on patreon

МФ накіраваў зварот у "Міжнародную амністыю"

2011 2011-01-14T17:22:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

"Малады Фронт" зьвярнуўся да уплывовай міжнароднай арганізацыі "Міжнародная Амністыя" з заклікам прызнаць Зьмітра Дашкевіча й Эдуарда Лобава Вязьнямі сумленьня. Нагадаем, на гэтым тыдні такі статус быў прысвоены намесьніцы старшыні МФ Насьце Палажанцы.

У міжнародную арганізацыю быў дасланы наступны зварот:

"Міжнародная моладзевая арганізацыя “Малады Фронт” (далей - МФ), зарэгістраваная ў Чэхіі, зьвяртаецца да Вас з просьбаю прызнаць кіраўніка арганізацыі Зьмітра Дашкевіча й аднаго з каардынатараў МФ Эдуарда Лобава Вязьнямі сумленьня.

Зьміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў былі скрадзеныя невядомымі людзьмі наўпрост на вуліцы. Суткі пра іх месцазнаходжаньне не было анічога вядома, і толькі пасьля пададзеных заяваў аб іх выкраданьні міліцыя распаўсюдзіла заяву пра затрыманьне хлопцаў. Па інфармацыі міліцыі, іх затрымалі за зьбіцьцё невядомых людзей кулакамі й металічнымі абцугамі. На Дашкевіча й Лобава завялі крымінальную справу па ч.3 арт. 339 КК – асабліва злоснае хуліганства. Ім пагражае ад 3 да 10 год зьняволеньня.

Па нашай інфармацыі, у дачыненьні лідэраў “Маладога Фронту” была зьдзейсьнена правакацыя з мэтаю прадухіліць іхні ўдзел у мірнай акцыі пратэсту 19 сьнежня й ізаляваць апазыцыянераў ад далейшай актыўнай дзейнасьці.

Завядзеньне крымінальнай справы па “бытавым”, не “палітычным” артыкуле, што зьяўляецца вядомым яшчэ з савецкіх часоў хітрым крокам спэцслужбаў, скіравана на адцягненьне ўвагі міжнародных арганізацый ад лёсу абвінавачаных. Ня так даўно мы бачылі падобны прыклад у дачыненьні беларускага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча, да якога праваабарончыя арганізацыі ставіліся з агромнаю перасьцярогаю й недаверам. Як вынік – нават заанжыгаваны беларускі суд зьняў самыя сур’ёзныя абвінавачваньні з Аўтуховіча, але прадпрымальнік, застаўшыся без міжнароднай падтрымкі, быў пакараны вялікім тэрмінам зьняволеньне.

Не дазваляйце беларускім уладам зноўку падмануць Вас!

Зьміцер Дашкевіч – вядомы беларускі апазыцыянер, які быў прызнаны Вязьнем сумленьня па сваёй ранейшай крымінальнай справе аб удзеле ў незарэгістраванай арганізацыі. Аўтарытэт Дашкевіча, як аднаго зь лідэраў хрысьціянска-дэмакратычных сілаў Беларусі, бясспрэчны. Эдуард Лобаў таксама неаднаразова праяўляў сябе як шчыры, мужны й сумленны чалавек.

Не пакідайце лёсу нашых паплечнікаў без увагі, не давайце злачыннаму рэжыму распраўляцца зь беларускімі дэмакратамі зь ціхай згоды міжнародных праваабарончых арганізацый!

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства