Васілеўскі Аляксандр -- яшчэ адзін падазраваны па справе аб масавых беспарадках
Аляксандр Васілеўскі адбыў 15-сутачны арышт за ўдзел у акцыі пратсту 19 снежня ў Жодзіна. 12 студзеня позна ўвечары да яго дадому прыйшлі следчыя Цэнтральнага РУУС Мінска і прад'явілі пастанову аб затрыманні ў якасці падазраванага па крымінальнай справе аб масавых беспарадках (пастанова падпісана следчым Цэнтральнага РУУС Мінска лейтнантам міліцыі Ю.С. Баразноўскім па ўзгаднені з начальнікам следчага ўпраўлення папярэдняга расследвання ГУУС Мінгарвыканкама падпалкоўнікам міліцыі Г.А. Казакевічам).
Двое сутак Аляксандр знаходзіўся пад вартай (утрымлмваўся ў ІЧУ ГУУС Мінгарвыканкама на Акрэсціна) і дапытваўся супрацоўнікамі КДБ па факту ўдзелу ў акцыі. У 15 гадзін 14 студзеня ён быў адпушчаны і папярэджаны аб неабходнасці з'яўляцца па выкліках следчых.
Па словах Аляксандра Васілеўскага, следчымі былі прадстаўлены відеаздымкі, дзе ён трымаецца за ручку разбітых дзвярэй Дому ўраду. Ніякіх доказаў і дадзеных пра гвалтоўныя дзеянні, учыненыя Аляксандрам, у следчых няма, аднак малады чалавек працягвае заставацца ў статусе падазраванага.