Амбасадары ЕС просяць аб сустрэчы са зняволенымі кандыдатамі
Амбасадары краін Еўрасаюза просяць беларускія ўлады даць магчымасць сустрэцца з затрыманымі 19 снежня кандыдатамі ў прэзідэнты і іх даверанымі асобамі з мэтай ацаніць стан здароўя зняволеных і атрымаць ад падазраваных па крымінальнай справе інфармацыю пра стаўленне да іх у СІЗА КДБ.
Такую ноту, па словах амбасадара Вугоршчыны Фэрэнца Контры, паслы ЕС паўторна накіравалі ў знешнепалітычнае ведамства Беларусі па выніках сустрэчы з жонкамі затрыманых.
- Амбасадары краін Еўразвязу звярнуліся у МЗС Беларусі з нотай, у якой мы выказалі нашу заклапочанасць сітуацыяй, папрасілі інфармацыю пра стан здароў’я арыштаваных людзей, у тым ліку кандыдатаў у прэзідэнты і таксама папрасілі даць нам магчымасць сустрэцца з арыштаванымі, каб атрымаць інфармацыю аб стане іх здароў’я. Такая сустрэча служыла б атрыманню аб’ектыўнай інфармацыі перад тым, як у Бруселі адбудзецца абмеркаванне сітуацыі ў Беларусі.
Апроч гэтага еўрапейскім структурам не зразумелыя рэпрэсіі беларускіх уладаў у дачыненні айчынных і міжнародных сродкаў масавай інфармацыі. Па словах Фэрэнца Контры, не магчыма зразумець, чым былі выкліканыя ператрусы і ціск на супрацоўнікаў тэлеканалу “Белсат” і “Еўрапейскага радыё для Беларусі”, апошняе з якіх ужо больш года працуе з акрэдытацыі Міністэрства замежных спраў. Паводле амбасадара, адмеркаванне тэмы выбараў у Беларусі пройдзе у Брусэлі 12 студзеня.