viasna on patreon

Уладзіслаў Старавераў атрымаў афіцыйнае папярэджанне ад Віцебскай абласной пракуратуры

2010 2010-01-30T21:18:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У лісце за подпісам намесніка пракурора вобласці Г.А.Каранько незалежнага журналіста папярэдзілі пра недапушчальнасць супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі.

Падстава для афіцыйнага папярэджання - затрыманне Уладзіслава Стараверава ў той час, калі ён запісваў на відэа інтэрв'ю з Уладзімірам Правальскім – тады яшчэ патэнцыйным удзельнікам выбарчай гонкі.

«8.11.2010 Вы праводзілі здымкі на прафесійную відэакамеру з лагатыпам “Белсат” (польскага канала тэлебачання). Ніякіх звестак пра акрэдытацыю Вас як журналіста “Белсат” на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь няма», — гаворыцца ў папярэджанні.

Стараварава папярэджваюць, што яго могуць пакараць штрафам ад 20 да 50 базавых велічыняў паводле артыкула 22.9 КаАП за парушэнне заканадаўства аб СМІ.

Афіцыйнае папярэджанне Уладзіслаў Старавераў атрымаў па пошце: 10 снежня незалежнага журналіста выклікалі на гутарку ў пракуратуру, але ён адмовіўся ісці туды без адваката.

Падзеі 8 лістапада атрымалі шырокі розгалас: Уладзімір Правальскі зафіксаваў інцыдэнт на мабільны тэлефон і на наступны дзень выклаў у Сеціва відэазапіс затрымання журналіста. Уладзіслаў Старавераў зрабіў відэаролік пра ўласнае затрыманне.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства