Магілёў. Участак №122 - лоўкасць рук і ніякага фокусу
Назіральнікі на выбарчым участку №122 у Магілёве сталі сведкамі, калі пасля падліку галасоў стос бюлетэняў за кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі немаверна павялічыўся ў некалькі разоў.
“Здалёк мы назіралі за тым, як сябры выбарчай камісіі здзяйсняюць падлік галасоў, - гаворыць назіральніца Яўгення Цюркіна, - яны раскладвалі бюлетэні па стосах, якія былі прыблізна аднолькавыя па сваёй вышыні і, магчыма, рэальна падлічвалі іх. Пасля гэтыя бюлетэні апусцілі на падлогу, бо пачалі іх пакаваць у спецыяльныя пакеты і ў выніку – з’явіўся адзін велізарны стос за кандыдата Лукашэнку, які налічваў больш за 1 800 бюлетэняў. Працэс з’яўлення вялікага стосу засланялі сваімі целамі сябры камісіі. Стосы за астатніх кандыдатаў сталі неімаверна маленькімі”.
Праваабаронца Аляксей Колчын адзначае, што прагрэса з падлікам галасоў на гэтых выбарах не назіраецца.
“Тэхналогія падліку галасоў так і засталася нязменнай. Выбары фальсіфікуюцца. І тое, што назіральнікам не даюць убачыць, за каго ў бюлетэні стаяць “галкі”, таксама сведчыць пра гэта, бо назіральнікі могуць выпадкова выкрыць механізм фальсіфікацыі і, будучы блізкімі да стала з бюлетэнямі, не даць скласці вось такога стосу за аднаго кандыдата. Пры дэмакратычных выбарах такога няма – працэс падліку галасоў адкрыты”, - гаворыць Аляксей Колчын.
“Праваабронцы за свабодныя выбары”