Бяроза: Райвыканкам спазніўся з адказам. Намерана?
Давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты РБ Рыгора Кастусёва Анатоль Сахаруша атрымаў адказ з Бярозаўскага райвыканкама на сваю скаргу наконт неўнясення дзвюхтысячнага Малеча ў спіс месцаў, дазволеных для сустрэч кандыдатаў і масавых перадвыбарчых агітацыйных акцый. Адказ прыйшоў са спазненнем - у другой палове дня 2 снежня - насуперак абяцанням прадстаўнікоў Брэсцкага аблвыканкама. Яны запэўнівалі, што дадуць адказ 1 снежня вечарам або 2 снежня раніцай, каб Сахаруша яшчэ змог паведаміць малецкім выбаршчыкам пра сустрэчу з кандыдатам.
А.Сахарушу паведамляецца, што рашэнне райвыканкама ад 10.11.2010 года не будзе адменена, але масавыя перадвыбарчыя мерапрыемствы могуць быць праведзены згодна з заканадаўствам. Заява пра масавыя мерапрыемствы павінна быць пададзена за 15 дзён да масавага мерапрыемства. Прадастаўленне памяшканняў для сустрэч з кандыдатамі ў прэзідэнты, не ўказаных у рашэнні райвыканкама, згодна з арт.45 ч.7 Выбарчага кодэкса, можа здзяйсняцца кіраўнікамі арганізацый па просьбе кандыдатаў у прэзідэнты і іх давераных асоб бясплатна. Кандыдаты могуць арэндаваць памяшканне і за кошт сродкаў асабістага выбарчага фонду.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”